Мінск 01:49

Прапагандыст Гігін фактычна ўвязаў права называцца беларусам з падтрымкай курсу рэжыму Лукашэнкі

Скрыншот: тэлеканал "Беларусь 1"

13 красавіка, Позірк. Крытыкі дзейнасці рэжыму Аляксандра Лукашэнкі не могуць лічыцца беларусамі, вынікае з заявы гендырэктара Нацыянальнай бібліятэкі, старшыні таварыства “Веды”, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Вадзіма Гігіна 12 красавіка ў эфіры праграмы “Клуб рэдактараў” на тэлеканале “Беларусь 1”.

Прапагандыст назваў дасягненнямі апошніх гадоў збудаванне АЭС, палёт у космас, размяшчэнне ў Беларусі расійскай тактычнай ядзернай зброі, а таксама “развіццё сацыяльнай сферы і культуры”.

“Яны ж, тыя, што ўцяклі, часта кажуць, што гэта яны з’яўляюцца захавальнікамі [гістарычнай спадчыны], — сказаў ён. — Глядзіце, што яны аплёўваюць, гэта ж не толькі палёт у космас. Колькі бруду выліта на наша дасягненне — [музычны фестываль] “Славянскі базар”. Уся Беларусь [яго] ведае, уся Беларусь ганарыцца гэтым. Колькі выліта на памяць пра Вялікую Айчынную вайну, што дорага кожнаму беларусу. <…> Яны нашу справу пра расследаванне генацыду беларускага народа крытыкуюць, ім не падабаецца, нельга так казаць. Усіх герояў нашых трэба пусціць пад адхон… Хто радзіме здрадзіў, вось там будзе паэт. А Аркадзь Куляшоў, памяць пра бацьку Міная — ім гэта ўсё не трэба. Дык мы будзем дзівіцца, што яны не цешацца палёту ў космас? Гэта ў іх усё ўкладаецца ў адзін шэраг”.

Паводле слоў Гігіна, “людзі, якія ўсю гэтую брыдоту, жоўць вылілі, <…> не беларусы”: “Тое, што наша дзяржава для такіх людзей абмежавала доступ да консульскіх паслуг, тое, што заўтра яны страцяць наш пашпарт, — гэта ім пакаранне ”.

“Наша грамадства, мярзотнікі, вас адрынае, вы — не беларусы. Вы можаце колькі заўгодна крычаць свой там экстрэмісцкі лозунг, дзе ёсць слова Беларусь (верагодна, гаворка пра лозунг дэмакратычнай грамадскасці “Жыве Беларусь!”. — “Позірк”.), <…> хоць 150 разоў яго паўтарыце, вы — не беларусы. Гэта ўжо на вас кляймо, пячатка. Мы вас назад не чакаем. Усё, грамадства вас адрынула. Што вы будзеце крычаць, што нейкія падзаборныя маргіналы дзе-небудзь у Амерыцы, Акіяніі, Аўстраліі ці яшчэ недзе. Вы — не частка нашага грамадства, вы — не частка нашай нацыі”, — заявіў прапагандыст.

Адметна, што Гігін, які разважае пра прыналежнасць тых ці іншых людзей да беларускай нацыі, мяркуючы з яго ранейшых публікацый і заяў, з’яўляецца прыхільнікам канцэпцыі заходнерусізму, якая адмаўляе існаванне беларусаў як асобнай этнічнай групы, лічачы іх часткай “агульнарускага народа”.

Аналагічнай шавінісцкай канцэпцыі “трыадзінага рускага народа”, прадстаўленага рускімі, беларусамі і ўкраінцамі, прытрымліваецца, напрыклад, Уладзімір Пуцін. Яго погляды ў гэтым пытанні шмат у чым сталі прычынай развязанай 24 лютага 2024 года Расіяй поўнамаштабнай вайны супраць Украіны.

Падзяліцца: