Мінск 14:06

МЗС Беларусі выказала “глыбокую занепакоенасць” у сувязі з начным авіяўдарам Ірана па Ізраілю

Крыніца: ua.news

14 красавіка, Позірк. “Беларусь глыбока занепакоеная эскалацыяй сітуацыі ў блізкаўсходнім рэгіёне” і “паслядоўна выступае за мірнае ўрэгуляванне канфлікту палітыка-дыпламатычнымі сродкамі”, заявіла Міністэрства замежных спраў у ведамасным тэлеграм-канале “Глас МИДа”.

Пад эскалацыяй маецца на ўвазе масіраваны авіяўдар Ірана па Ізраілю, хоць ні адна з гэтых краін не згадваецца.

“Звяртаемся да ўсёй сусветнай супольнасці, міжнародных арганізацый распачаць захады і кансалідаваць намаганні для неадкладнай стабілізацыі становішча”, — гаворыцца ў паведамленні беларускага замежнапалітычнага ведамства.

Грамадзянам Беларусі, якія плануюць паездкі ў гэты рэгіён, рэкамендавана “строга ўлічваць сітуацыю, якая складваецца, і адсочваць афіцыйныя паведамленні авіяцыйных уладаў адносна ўвядзення абмежаванняў на выкарыстанне паветранай прасторы шэрагу краін, а таксама аб прыпыненні працы аэрапортаў”.

Познім вечарам 13 красавіка Іран нанёс авіяўдар па Ізраілю. Атака працягвалася пяць гадзін. Усяго, як паведаміла Армія абароны Ізраіля (ЦАХАЛ), было выпушчана 120 балістычных і 30 крылатых ракет, а таксама больш за 170 беспілотнікаў.

Паводле слоў прадстаўніка ЦАХАЛ Даніэля Хагары, сістэма супрацьпаветранай абароны Ізраіля пры садзейнічанні ЗША, Іарданіі і іншых краін, перахапіла “99% паветраных пагроз”, ізраільскай тэрыторыі дасягнулі “толькі некалькі” з іх.

Хагары паведаміў аб “нязначным пашкоджанні” авіябазы Невацім у пустыні Негеў.

Прадстаўніцтва Ірана ў ААН заявіла, што іранская атака на Ізраіль завершаная. “Справу можна лічыць скончанай. Але калі ізраільскі рэжым зробіць яшчэ адну памылку, адказ Ірана будзе значна больш суровым”, — гаворыцца ў паведамленні прадстаўніцтва ў сацсетцы X.

1 красавіка ізраільская авіяцыя нанесла ўдар па консульстве Ірана ў Дамаску. Загінулі сямёра членаў Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР), уключаючы двух генералаў. У Іране заявілі, што “сіянісцкі рэжым будзе пакараны”.

Напружаная сітуацыя на Блізкім Усходзе захоўваецца з 7 кастрычніка 2023 года, калі на тэрыторыю Ізраіля з сектара Газа ўварваліся баевікі ваеннага крыла групоўкі ХАМАС. Адначасова з Газы пачаўся інтэнсіўны абстрэл ізраільскай тэрыторыі, было выпушчана больш за 10 тыс. ракет. У выніку загінула каля 1,4 тыс. чалавек з 37 краін, у тым ліку трое грамадзян Беларусі; пацярпела 7,3 тыс. чалавек.

У адказ Ізраіль пачаў наземную ваенную аперацыю супраць сектара Газа з мэтай вызвалення захопленых закладнікаў і знішчэння групоўкі ХАМАС.

Беларусь і Іран узгаднілі план сумесных дзеянняў у ваеннай сферы на 2024 год

9 лістапада, Позірк. Стан і перспектывы супрацоўніцтва ў ваеннай сферы былі ў цэнтры ўвагі падчас першага пасяджэння сумеснай беларуска-іранскай профільнай камісіі, якое прайшло ў Мінску 9 лістапада. Іранскую дэлегацыю на пасяджэнні ўзначальваў начальнік дэпартамента міжнародных адносін Генеральнага штаба Узброеных Сіл …
Падзяліцца: