Мінск 17:39

Полк Кастуся Каліноўскага мае намер сабраць 45 тыс. долараў на БПЛА

Крыніца: тэлеграм-канал "BalaganOFF"

16 красавіка, Позірк. Аб’яўлены збор для палка беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне імя Кастуся Каліноўскага (ПКК) на суму ў 45 тыс. долараў для набыцця ста беспілотных лятальных апаратаў (БПЛА), паведаміў 15 красавіка ў сваім тэлеграм-канале ўкраінскі блогер Аляксандр Рыкаў (BalaganOFF).

Каб сабраць неабходную суму, Рыкаў прапануе “адмовіцца ад кавы з раніцы і зрабіць любы данат”, або “проста падзяліцца інфармацыяй пра гэты збор з добрымі людзьмі”.

У той жа час блогер папярэджвае, што “беларусам з Беларусі забаронена данатыць” з меркаванняў бяспекі.

“Збор узгоднены з ПКК, сродкі сапраўды збіраюцца на набыццё дронаў”, — паведамілі “Позірку” ў прэс-службе фарміравання.

У той жа час арганізацыя адмовілася ад больш падрабязных аператыўных каментароў, спаслаўшыся на неабходнасць узгаднення пытанняў з Галоўным упраўленнем разведкі Украіны.

Батальён імя Кастуся Каліноўскага быў створаны 9 сакавіка 2022 года. 26 сакавіка таго ж года ён увайшоў у склад Узброеных сіл Украіны (ВСУ), а 21 траўня было абвешчана аб яго трансфармацыі ў полк у складзе двух батальёнаў — “Волат” і “Тэрор”. Пазней быў сфарміраваны трэці — “Літвін”. Пасля “Тэрар” стаў асобным падраздзяленнем ВСУ па-за складам палка.

25 верасня 2023 года ПКК абвясціў аб стварэнні новага батальёна “Western” з удзелам замежнікаў, у склад якога ўвайшлі “афіцэры краін НАТО і замежныя грамадзяне, якія маюць баявы вопыт у Іраку і Афганістане”.

У Беларусі па факце стварэння палка Каліноўскага распачата крымінальная справа, ён прызнаны “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Падзяліцца: