Мінск 19:24

Кадэты з “днр” сустрэліся ў Беларусі са школьнікамі і расійскімі чыноўнікамі

Фота: генконсульства РФ у Брэсце

17 красавіка, Позірк. Група навучэнцаў Кадэцкага корпуса ім. А.В.Захарчанкі (Данецк) 16 красавіка наведала Генеральнае консульства Расіі ў Брэсце, інфармацыя пра гэта апублікаваная ў тэлеграм-канале дыпмісіі.

Адзначаецца, што кадэты “падзяліліся ўражаннямі аб экскурсіі ў Брэсцкую крэпасць, у Кобрынскі ваенна-гістарычны музей, ад зносін з беларускімі аднагодкамі”.

Данецкія кадэты знаходзіліся ў Беларусі з 11 да 16 красавіка, паведамлялі дзяржСМІ.

Раней яны сустрэліся ў Доме Масквы ў Мінску з вучнямі беларускіх школ і гімназій, членамі ваенна-патрыятычных клубаў.

Арганізатары паездкі — пасольства Расіі ў Беларусі, Цэнтр культурных ініцыятыў “Зямляцтва Данбаса ў Мінску”, а таксама фонд “Мы разам” і грамадскае аб’яднанне “Рух Саюз”.

Арганізатары адзначаюць, што мерапрыемства накіраванае на “захаванне гістарычнай памяці”,” умацаванне сувязяў моладзі Расіі”, у тым ліку “данейкай народнай рэспублікі”.

Паводле слоў старшыні беларускага ГА “Рух Саюз” Сяргея Лушча, з пачатку вайны ва Украіне гэтая арганізацыя ініцыявала акцыю “Сваіх не кідаем” з мэтай падтрымкі бежанцаў з Украіны. Сябры арганізацыі ездзяць на Данбас, арганізоўваюць паездкі беларускіх журналістаў, прывозяць гуманітарную дапамогу мясцовым жыхарам.

“Многія беларусы самі хочуць дапамагчы падраздзяленням, якія сёння змагаюцца з нацызмам на перадавой, — сцвярджае Лушч. — Менавіта ў гэтым праяўляецца дух адзінства Беларусі і Расіі: і ў горы, і ў радасці мы разам. І такія сустрэчы з моладдзю вельмі важныя — ніякія навіны, відэасюжэты не заменяць асабістых зносін з тымі, хто бачыў усё на свае вочы”.

“Школа № 4 — Кадэцкі корпус імя А.В. Захарчанкі” пачала сваю працу 1 верасня 2017 года. Акрамя навучання школьным прадметам, дзяцей рыхтуюць да ваеннай ці іншай дзяржаўнай службы, паведамляе сайт установы.

Установа носіць імя былога кіраўніка так званай “данецкай дароднай рэспублікі”, які выступаў за аддзяленне рэгіёну ад Украіны пасля 2014 года. Забіты ў 2018 годзе ў выніку выбуху ў Данецку.

Афіцыйны Мінск і праўладныя грамадскія арганізацыі падтрымліваюць кантакты з тэрыторыямі Украіны, акупаванымі Расіяй.

У Растове-на-Доне не пазней за ліпень будзе адкрыта Генеральнае консульства Беларусі. У яго консульскую акругу ўвойдуць Растоўская і Валгаградская вобласці РФ, а таксама акупаваныя расійскай арміяй тэрыторыі Украіны — так званыя “данецкая народная рэспубліка”, “луганская народная рэспубліка”, часткі Запарожскай і Херсонскай абласцей і анэксаваны раней Крым.

Кіраўнік так званай “днр” Дзяніс Пушылін наведваў Беларусь 27 ліпеня 2022 года.

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Пушыліным 18 красавіка 2023 года ў Палацы Незалежнасці ў Мінску. “Трэба прамысловыя прадпрыемствы адраджаць, сельскую гаспадарку, — сказаў ён кіраўніку самаабвешчанага стварэння. — Урэшце людзі там жыць будуць. Гэта 100%. І карміць людзей жа трэба. Таму мы гатовыя аказаць адпаведную дапамогу і падтрымку для таго, каб не чужыя нам людзі там нарэшце перасталі пакутаваць”.

15 чэрвеня амбасадар Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутой падпісаў з Пушыліным “пагадненне аб пашырэнні партнёрства”.

У жніўні 2023 Беларусь наведвала дэлегацыя “днр”.

Сепаратысты пры падтрымцы Расіі абвясьцілі стварэнне “днр” 7 красавіка 2014 году на непадкантрольнай Кіеву частцы Данецкай вобласьці Украіны.

30 верасня 2022 года Уладзімір Пуцін падпісаў “дакументы” аб уваходжанні ў склад РФ так званых “данецкай і луганскай народных рэспублік”, а таксама “Запарожскай і Херсонскай абласцей”. За некалькі дзён да гэтага на часова акупаваных украінскіх тэрыторыях пад кантролем расійскіх вайскоўцаў прайшлі адпаведныя”рэферэндумы”.

У пачатку гэтага года Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі дэ-факта прызнаў сепаратысцкія ўтварэнні “днр” і “лнр”. 6 студзеня на сайце верхняй палаты беларускага парламента з’явіўся прэс-рэліз, з якога вынікала, што чалец СР НС Дзмітрый Баскаў “узяў удзел у акцыі фонду [паралімпійца] Аляксея Талая ў арганізацыі знаходжання школьнікаў з данецкай і луганскай рэспублік у Мінску ў перыяд зімовых школьных вакацый”.

Разам з тым дэ-юрэ беларускія ўлады не прызналі незалежнасць “днр” і “лнр”, роўна як іх “далучэнне” да Расіі пасля “рэферэндумаў”, пры гэтым афіцыйны Мінск ухваляе агрэсію РФ супраць Украіны.

Прадстаўнікі афіцыйнага Мінска, а таксама Беларускага Чырвонага Крыжа займаюцца вывазам дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны — “на аздараўленне”. У сувязі з гэтым дэмакратычныя сілы дамагаюцца выдачы Міжнародным крымінальным судом у Гаазе ордэра на арышт Лукашэнкі, як гэта было зроблена ў дачыненні да Пуціна і дзіцячага амбудсмена Марыі Львовай-Бяловай.

Падзяліцца: