Мінск 21:00

Лукашэнка зноў заявіў пра намер падтрымліваць “брацкую Сірыю”

Крыніца: pixabay.com

17 красавіка, Позірк. Пра намер працягваць “падтрымліваць брацкую Сірыю для дасягнення міру, стабільнасці і росквіту” Аляксандр Лукашэнка заявіў 17 красавіка, віншуючы прэзідэнта гэтай краіны Башара Асада і сірыйскі народ з нацыянальным святам — Днём эвакуацыі.

“Працяглы час жыхары вашай дзяржавы мужна супрацьстаяць несправядліваму знешняму ціску і пагрозе распаўсюджвання тэрарызму ў краіне і ва ўсім рэгіёне Блізкага Усходу”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Віншавальнік выказаў упэўненасць, што “сірыйцам пад сілу пераадолець існуючыя цяжкасці і выйсці на шлях адраджэння рэспублікі”.

“Устаноўленыя паміж Мінскам і Дамаскам сувязі, якія традыцыйна характарызуюць адкрыты дыялог і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва, будуць і ў далейшым паглыбляцца”, — адзначаецца ў паведамленні.

Лукашэнка ў сваіх віншаваннях неаднаразова называў сірыйскі народ “брацкім”: так было ў віншаванні Асада з Днём эвакуацыі 2023 года, у тым жа годзе Лукашэнка зноў нагадаў пра “братэрства” ў віншаванні сірыйскага прэзідэнта з 30-годдзем устанаўлення адносін паміж краінамі.

Башар Асад з’яўляецца прэзідэнтам Сірыі з 2000 года. У 1971–2000 гадах краінай кіраваў яго бацька Хафез Асад.

Пра тое, што Дамаску і Мінску пакуль не ўдалося дамагчыся “вялікага ўзаемадапаўнення ў эканоміках дзвюх краін”, але “для ўмацавання ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва маецца вялікі патэнцыял”, заявіў Асад, прымаючы 24 лістапада 2022 года беларускага прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанку.

Паведамлялася, што ў рамках двухдзённага візіту (23–24 лістапада) у Дамаск дэлегацыя ўрада Беларусі падпісала шэсць пагадненняў і мемарандумаў аб узаемаразуменні ў сферах гандлёвага абмену, адукацыі, жыллёвага будаўніцтва, транспарту, прамысловасці і мытні.

Пасол Беларусі ў РФ Дзмітрый Круты на сустрэчы 26 студзеня 2023 года ў Маскве з сірыйскім калегам Башарам Джаафары заявіў, што ў Беларусі і Сірыі ёсць “вялікі патэнцыял у супрацоўніцтве ў сферы сельскай гаспадаркі і аўтамабільнай прамысловасці”.

Круты і Джаафары пацвердзілі “традыцыйна высокі ўзровень беларуска-сірыйскага ўзаемадзеяння і падтрымкі ў ААН і іншых міжнародных арганізацыях”.

У Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Беларусь і Сірыя, як правіла, салідарныя ў падтрымцы рэзалюцый, прапанаваных Расіяй, і выступаюць супраць дакументаў з асуджэннем дзеянняў РФ.

У пачатку лютага 2023 года ў Турцыі адбылася серыя разбуральных землятрусаў, ад якіх пацярпела і Сірыя. Беларусь накіроўвала ў гэтыя краіны гуманітарныя грузы, у Сірыю таксама лётаў атрад ваенных медыкаў.

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Сірыяй устаноўлены 26 жніўня 1993 года. З лістапада 1998-га функцыянуе пасольства Беларусі ў Дамаску, з ліпеня 2007-га — пасольства Сірыі ў Мінску.

Тавараабарот Беларусі і Сірыі невялікі, на сайце беларускай амбасады ў гэтай краіне няма старонкі, прысвечанай двухбаковым эканамічным адносінам. У адкрытым доступе актуальная інфармацыя таксама адсутнічае.

У 2021 годзе тавараабарот паміж краінамі, паводле інфармацыі дзяржСМІ, склаў 8,2 млн долараў (беларускі экспарт — 7,6 млн, сірыйскі — 600 тыс.).

У асноўным Беларусь экспартавала ў Сірыю сухое малако, малочную сыроватку, лекавыя сродкі, трактары і седлавыя цягачы, а імпартавала аліўкавы алей, садавіну, гародніну, арэхі, каву.

Падзяліцца: