Мінск 15:28

“Кошт урада”: У беларускай эканоміцы відавочная празмернасць грошай

Крыніца: "Позірк"

18 красавіка, Позірк. Рост шырокай грашовай масы “па-ранейшаму ідзе з апярэджаннем інфляцыі”, і ў тым ліку гэта тлумачыць праблему “цэнавага падстрэшка ў эканоміцы”, гаворыцца ў экспрэс-аналізе медыяпраекта “Кошт урада”.

“Шырокая грашовая маса раздзімаецца шмат у чым за кошт хуткіх грошай — пераводных дэпазітаў насельніцтва і бізнеса, а таксама наяўных, — звяртаюць увагу эксперты. — Гэта значыць, што бізнес і насельніцтва імкнуцца трымаць грошы пад рукой, каб у выпадку шокаў мець магчымасць неадкладна накіраваць іх на спажыванне”.

Падкрэсліваецца, што гэты трэнд “павялічвае патэнцыял нявызначанасці ў эканоміцы і падрывае фінансавую стабільнасць”.

Істотны рост грашовай масы да сакавіка 2023-га пры гадавой інфляцыі паводле Белстату 5,6%, сведчыць аб тым, што “ў эканоміцы мае месца відавочная празмернасць сродкаў”, лічаць эксперты.

У студзені “Кошт урада” адзначаў, што павелічэнне ролі наяўных грошай у эканоміцы нясе шэраг пагроз і рызык — ад “росту аб’ёму ценявых плацяжоў і шэрых схем бізнесу” да “павышэння рызыкі раскручвання інфляцыі і дэвальвацыі”.

Эксперты нагадалі, што ў 2021 годзе аб’ём наяўных грошай у эканоміцы вырас на 596 млн рублёў (+14%), 2022-м — на 2 млрд 173 млн (+46%), за 2023-ы — яшчэ на 2 млрд 581 млн (+48%). Рост іх аб’ёму, на думку “Кошта урада”, “практычна без прыпынку працягваўся з лютага 2022 года, з месячным перапынкам у кастрычніку 2023 года і рэзкім рыўком у снежні”.

Паводле даных Нацыянальнага банка, сума наяўных грошай у абароце (агрэгат М0) у сакавіку 2024 года павялічылася на 271,7 млн рублёў (+2,8%) і на 1 красавіка склала 10 млрд 33 млн. З пачатку года яна вырасла на 558,4 млн рублёў (+5,9%). Грашовая маса ў нацыянальным вызначэнні (М2) павялічылася з 1 студзеня з 40 млрд 238,2 млн да 40 млрд 609,9 млн (+1,5%), рублёвая грашовая маса (М2*) — з 41 млрд 998,5 млн да 42 млрд 547,8 млн (+1,3%), шырокая грашовая маса (М3) — з 75 млрд 668,5 млн да 76 млрд 652,9 млн (+1,3%).

За 2023 год агрэгат М0 вырас на 37,44%, М1 — на 33,85%, М2 — на 34,28%, М2* — на 34,73%, М3 — на 23,56%.

Падзяліцца: