Мінск 09:17

Пасля нядаўняга нападу на Ізраіль у Мінск прыбыў намеснік міністра абароны Ірана

Фота: старонка Равенкі ў сацыяльнай сетцы Х

22 красавіка, Позірк. У Мінск прыбыў намеснік міністра абароны і падтрымкі Узброеных сіл Ірана, рэктар Тэхналагічнага ўніверсітэта імя Маліка Аштара Мехдзі Джафары, паведаміў 21 красавіка начальнік дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва — памочнік кіраўніка ваеннага ведамства Беларусі Валерый Равенка.

“У рамках візіту ім будзе наведаны шэраг навуковых устаноў Узброеных сіл і Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь”, — напісаў прадстаўнік Мінабароны на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

Дэкадай раней, позна ўвечары 13 красавіка, Іран нанёс авіяўдар па Ізраілі, атака працягвалася пяць гадзін. Паводле інфармацыі ізраільскай Арміі абароны (ЦАХАЛ), было выпушчана 120 балістычных і 30 крылатых ракет, а таксама больш за 170 беспілотнікаў. Сістэма супрацьпаветранай абароны Ізраілю пры садзейнічанні ЗША, Іарданіі і іншых краін, згодна з паведамленнем ЦАХАЛа, перахапіла “99% паветраных пагроз”. Шэраг экспертаў назваў іранскую атаку правальнай, у тым ліку з прычыны тэхналагічнай перавагі абароны Ізраіля.

МЗС Беларусі выказала “глыбокую занепакоенасць” у сувязі з авіяўдарам. Пры гэтым ведамства не згадала пра факт паветранага нападу, а заявіла пра “эскалацыю сітуацыі ў блізкаўсходнім рэгіёне”.

Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская “рашуча асудзіла” дзеянні Ірана.

Напружаная сітуацыя на Блізкім Усходзе захоўваецца з 7 кастрычніка 2023 года, калі на тэрыторыю Ізраіля з сектара Газа ўварваліся баевікі ваеннага крыла групоўкі ХАМАС. Адначасова з Газы пачаўся інтэнсіўны абстрэл ізраільскай тэрыторыі, было выпушчана больш за 10 тыс. ракет. У выніку загінула каля 1,4 тыс. чалавек з 37 краін, у тым ліку трое грамадзян Беларусі; пацярпела 7,3 тыс. чалавек.

У адказ Ізраіль пачаў наземную ваенную аперацыю супраць сектара Газа з мэтай вызвалення захопленых заложнікаў і знішчэння групоўкі ХАМАС.

Падзяліцца: