Мінск 20:32

За 9 гадоў у КДБ паступіла каля 40 тыс. даносаў — “Кіберпартызаны”

Адзін з даносаў, апублікаваных "Кіберпартызанамі"
Крыніца: тэлеграм-канал "Кіберпартызан"

28 красавіка, Позірк. Група ананімных хакераў “Кіберпартызаны” заявіла ў сваім тэлеграм-канале пра “зліў даносаў” у Камітэт дзяржбяспекі за дзевяць апошніх гадоў.

Сцвярджаецца, што за гэты час на сайт КДБ паступіла каля 40 тыс. зваротаў.

“Калі вы раптам не заўважылі, то разам з базай сайта КДБ мы выклалі ў сетку і даносы, якія адпраўлялі чэкістам праз партал з верасня 2014 года да жніўня 2023-га”, — гаворыцца ў паведамленні.

Цяпер, заяўляюць “Кіберпартызаны”, “скаргі інфарматараў КДБ у адкрытым доступе”, таксама ў распараджэнні хакераў маюцца “прапановы замежных грамадзян пайсці на супрацоўніцтва”.

Група анансуе публікацыю “самых цікавых” даносаў.

Пры гэтым ужо 28 красавіка “Кіберпартызаны” апублікавалі некалькі матэрыялаў, з якіх відаць, што інфармацыя ў КДБ паступала не толькі з Беларусі, але і з Расіі, Украіны, Польшчы, Германіі і Іспаніі.

26 красавіка хакеры паведамілі пра ўзлом сайта КДБ. Адзначалася, што партал спецслужбы “не працуе ўжо больш за два месяцы” — а “ўсё таму, што “Кіберпартызаны” прабраліся туды яшчэ ўвосень 2023 года і выпампавалі ўсю даступную інфармацыю”.

Сайт КДБ цяпер адкрываецца, але на застаўцы паведамляецца, што ён “знаходзіцца ў распрацоўцы”.

25 сакавіка гэтага года “Кіберпартызаны” ўзламала сайт дзяржаўнай газеты “Гомельская праўда”, размясціўшы на ім віншаванне з Днём Волі.

10 сакавіка ініцыятыва паведаміла аб узломе сайта рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту Рэспублікі Беларусь” (ДТСААФ).

31 снежня мінулага года — аб узломе сайта дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА. Паведамлялася таксама аб пашкоджанні ўнутранай сеткі і дамен-кантралёраў інфармагенцтва, аб спампоўцы 90 гігабайт даных — унутраных дакументаў, бухгалтэрыі, асабістай інфармацыі пра супрацоўнікаў, архіва.

Пасля ўзлому на партале БелТА былі размешчаныя матэрыялы і фатаграфіі пратэстнага зместу.

Падзяліцца: