Сцэнары школьных выпускных павінны мець ідэалагічную аснову — прадстаўнік Мінгарвыканкама
6 траўня, Позірк. Камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама рэгламентаваў “фармат і парадак” правядзення выпускных вечароў у сталічных школах. Не рэкамендуецца прыцягваць артыстаў і дыджэяў, таму што яны “не ведаюць ні традыцый школы, ні дзяцей, ні педагогаў” і не змогуць “стварыць душэўную, цёплую атмасферу”, заявіў старшыня камітэта Андрэй Стрыгельскі агенцтву “Мінск-Навіны”.
Паводле слоў чыноўніка, установы адукацыі актыўна рыхтуюцца да ўрачыстасці і “ніякіх лімузінаў ніхто не плануе”, а ў беларускай сістэме адукацыі “ёсць шэраг даўно сфармаваных традыцый”, якія адпавядаюць “менталітэту людзей” і маюць “станоўчы водгук у грамадстве”.
“Безумоўна, бацькі праяўляюць пэўную ініцыятыву. Наша задача — не дапусціць неабгрунтаваных збораў грашовых сродкаў на правядзенне выпускных вечароў. Гэтыя рэчы кантралююцца кіраўніцтвам школ, праводзіцца адпаведная праца з бацькоўскім, апякунскім камітэтамі”, — заявіў Стрыгельскі.
Выпускны вечар “не павінен станавіцца мерапрыемствам, затратным для сямейнага бюджэту”, сказаў прадстаўнік Мінгарвыканкама.
Сцэнары вечароў павінны мець “ідэалагічную аснову”, заявіў ён; “такія тэмы, як 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Год якасці знойдуць сваё адлюстраванне ў свяце”.
Выпускныя вечары ў школах для вучняў 11-х класаў пройдуць 14 чэрвеня. Месцам іх правядзення стануць “сцены родных школ і гімназій”, а не “забаўляльныя ўстановы — ні рэстараны, ні кафэ”, дадаў Стрыгельскі.
Традыцыйная “сустрэча світанку”, паводле слоў чыноўніка, не адмяняецца, але таксама рэгламентавана.
“Выпускнікі выйдуць альбо на тэрыторыю школы, альбо за яе межы — у лесапаркавую зону, на набярэжную — і сустрэнуць світанак. Супрацоўнікі міліцыі забяспечаць ахову грамадскага парадку. Маршруты рабят узгодненыя загадзя”, — адзначыў ён.
30 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў пра сваё “вельмі негатыўнае стаўленне” да школьных выпускных вечароў, якія ператвараюць у “шоў на лімузінах з наведваннем забаўляльных устаноў”.
“Гэта павінна быць свята, куды ідуць дзяўчына, хлопец, за рукі ўзяўшыся — кампаніяй, калектывам. Папляшуць, патанчаць і сустрэнуць світанак. Гэта вельмі важна”, — адзначыў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, нельга “дапускаць расслаення” [грамадства], і дзяржава “робіць усё”, каб стварыць усім дзецям для вучобы ў школе “роўныя ўмовы і магчымасці”.
“Гэтага трэба прытрымлівацца, і нельга пасля заканчэння агульнаадукацыйнай сярэдняй школы рабіць тое, што вы кажаце. Нейкі там “круцяк” табе дапамог ці ты багацей — ты лімузін замовіў, прыехаў твой атожылак у школу. А як іншыя глядзяць? А як бацькі глядзяць? Гэта няправільна. Я публічна кажу: нам нельга гэта культываваць, нельга нам гэта падтрымліваць. Гэта дрэнна”, — лічыць Лукашэнка.
Ён даручыў ураду і сваёй адміністрацыі ўзяць гэтае пытанне “на жорсткі кантроль”.
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаЛітва зафіксавала рэкордную за апошнія восем тыдняў колькасць спробаў парушэння мяжы з беларускага бокуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаАмаль чвэрць мільёна беларусаў звярнуліся па дазвол на знаходжанне ў ПольшчыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаАмаль чвэрць мільёна беларусаў звярнуліся па дазвол на знаходжанне ў Польшчы (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 20 снежня 2024 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаІнвестыцыі ў асноўны капітал за 11 месяцаў 2024 года выраслі на 23,7% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+