Мінск 23:50

Латушка: Мы ўжо задзяўбалі МАК і не адпускаем

Скрыншот трансляцыі

12 траўня, Позірк. Дэмакратычныя сілы дамагаюцца допуску да Алімпійскіх гульняў і іншых міжнародных спаборніцтваў беларускіх спартсменаў, якія выступілі за перамены ў краіне, вынікае са слоў намесніка старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі падчас стрыму ў сацсетцы “Цікток” 11 траўня.

Гэтую тэму палітык ахарактарызаваў як “вельмі хворую”.

“Вы не ўяўляеце, колькі па гэтым напрамку намі за апошнія месяцы прыкладзена намаганняў. Мы пачалі займацца гэтай тэмай літаральна некалькі месяцаў таму. І гэта кожны дзень ліста, кожны дзень перапіска — з МЗС, з мінспорту Польшчы, Літвы, Францыі, Германіі, Нарвегіі, многіх іншых краін, Міжнародным алімпійскім камітэтам”, — заявіў ён.

“Мы, шчыра кажучы, ужо, прашу прабачэння за гэтае слова, задзяўбалі МАК, што яны вымушаныя былі нават нам ператэлефанаваць і ўступіць ужо нават у тэлефонную камунікацыю. Бо мы не адпускаем”, — сказаў экс-дыпламат.

Паводле словаў Латушкі, “расчараванне заключаецца ў тым, што беларускія спартсмены ў 2020 годзе — больш за дзве тысячы чалавек — выйшлі супраць гвалту, выйшлі супраць таго, што ў Беларусі былі сфальсіфікаваныя выбары — іх выкінулі з нацыянальных зборных, ім забаранілі займацца той справай, якой яны прысвяцілі сваё жыццё”.

“Многія з іх былі вымушаныя выехаць, эміграваць. Пачалася вайна — 2022 год. І тады былі накладзены агульныя санкцыі па прынцыпе грамадзянства на ўсіх беларускіх спартсменаў. І яны патрапілі пад падвойныя санкцыі — з боку рэжыму і з боку МАК”, — растлумачыў кіраўнік НАУ.

Спартсмены, якія выступілі супраць гвалту і вайны, павінны мець магчымасць спаборнічаць на Алімпійскіх гульнях, лічыць ён.

“Так, гэта праблема. Мы стукаліся ўсюды і стукаемся, — сказаў Латушка. — Але, на жаль, спорт — гэта вялікая палітыка, спорт — гэта велізарная бюракратычная машына, спорт — гэта вялікія грошы. І мы пакуль не можам праламаць гэтую сцяну”.

8 снежня 2023 года Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) дапусціў індывідуальных спартсменаў з Беларусі і Расіі да ўдзелу ў летніх Алімпійскіх гульнях 2024 года ў нейтральным статусе.

Атлеты абедзвюх краін не змогуць узяць удзел у цырымоніі адкрыцця гульняў, іх вынікі не будуць адлюстроўвацца ў агульным медальным заліку. У выпадку перамогі прадстаўнікоў дзвюх краін у Парыжы будзе ўзняты зацверджаны МАК для такіх выпадкаў сцяг у суправаджэнні спецыяльнага гімна (без слоў).

На 10 траўня беларускія спартоўцы атрымалі 26 ліцэнзій на ўдзел у Алімпіядзе, паведаміў Нацыянальны алімпійскі камітэт.

Алімпійскія гульні пройдуць у Парыжы 26 ліпеня — 11 жніўня 2024 года.

28 лютага 2022 года, праз некалькі дзён пасля пачатку вайны ва Украіне, МАК заклікаў спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынята да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт аказаўся амаль у поўнай ізаляцыі.

25 студзеня 2023 года выканкам МАК пацвердзіў санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Беларусі і РФ з-за вайны супраць Украіны, аднак зазначыў, што ніводнаму спартсмену нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах “толькі з-за яго пашпарта”.

28 сакавіка МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Пры гэтым павінен быць выкананы шэраг умоў. Беларускія і расійскія атлеты могуць спаборнічаць “у якасці індывідуальных нейтральных спартсменаў” (без выкарыстання сцяга, гімна і іншай сімволікі сваіх дзяржаў) і толькі ў тым выпадку, калі яны “актыўна не займаліся падтрымкай баявых дзеянняў” і не маюць дзейных кантрактаў з сілавымі і ваеннымі ведамствамі сваіх краін.

Падзяліцца:
be