Мінск 20:48

Да парада 3 ліпеня прыцягнуць 6 тыс. чалавек, запрошаны замежныя вайскоўцы

Удзельнікі вайсковага парада ў 2019 годзе
Скрыншот: тэлетрансляцыя

15 траўня, Позірк. Больш за 6 тыс. вайскоўцаў і каля 250 адзінак баявой тэхнікі возьмуць удзел у вайсковым парадзе, які адбудзецца ў Дзень незалежнасці 3 ліпеня ў Мінску, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны са спасылкай на намесніка кіраўніка ведамства Андрэя Жука.

Будзе задзейнічана авіяцыя. Чакаецца, што ў парадзе таксама будуць удзельнічаць замежныя вайскоўцы.

Апрача Мінабароны свае разлікі прадставяць Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Дзяржаўны пагранічны камітэт, Следчы камітэт, кадэцкія вучэльні і спецыялізаваныя ліцэі.

Парад завершыцца плац-канцэртам зводнай роты ганаровай варты і выступленнем вайсковага аркестра.

Паводле слоў Жука, “права ўдзельнічаць у парадзе” ваеннаслужачыя “заслужылі ўпартай ратнай працай, высокімі паказчыкамі ў баявой падрыхтоўцы, паспяховым выкананнем задач”.

Пешыя каробкі ў асноўным будуць трэніравацца на пляцы вайсковай камендатуры ва Уруччы, а механізаваная калона — на аэрадроме Ліпкі.

Начальнік вайсковай аўтаінспекцыі Мінскай вайсковай камендатуры Арцём Чыкіда папярэдзіў, што з 16 траўня на працягу чатырох тыдняў будуць перакрывацца некалькі сталічных вуліц па маршруце руху калон.

“Механізаваная калона на гусенічным хаду пры выбыцці на аэрадром Ліпкі будзе рухацца па бетоннай дарозе ў раёне вуліцы Заснавальнікаў, перасякаць вуліцу Францыска Скарыны і ў раёне гаражнага кааператыва “Седзюнг” сыходзіць у лес па грунтавай дарозе да аэрадрома, — заявіў ён. — Калона колавай тэхнікі будзе рухацца з вайсковага гарадку Уручча па вуліцах Заснавальнікаў, Францыска Скарыны, па вонкавым коле МКАД да аэрадрома”.

Паводле інфармацыі Мінабароны, з вайсковага гарадку калоны будуць выходзіць штоаўторак у 5:00. Перакрываць рух гэтымі днямі стануць з 4:50 — да праходжання калон па маршрутах (каля 50 хвілін).

Вяртацца калоны будуць шточацвер у 20:00 (з 17 траўня па 13 чэрвеня), абмяжоўваць рух транспарту будуць з 19:50.

У 1991–1996 гадах Дзень незалежнасці Беларусі быў прымеркаваны да даты прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце — 27 ліпеня. У выніку ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам рэферэндуму галоўнае дзяржаўнае свята было перанесенае на 3 ліпеня.

Падзяліцца: