Мінск 06:31

Акт аб дэмакратыі ў Беларусі ўнесены на разгляд у Кангрэс ЗША

Крыніца: unsplash.com

16 траўня, Позірк. Акт аб дэмакратыі ў Беларусі ўнесены на разгляд у Кангрэс ЗША, паведамляе тэлеграм-канал прадстаўніцтва Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па замежных справах.

Адзначаецца, што гэта “новая версія” дакумента, якая “ставіць мэтай у чацвёрты раз аднавіць дзеянне акту ад 2004 года з улікам злачыннага ўдзелу рэжыму Беларусі ў несправакаваным уварванні Пуціна ва Украіну, гандлі ўкраінскімі дзецьмі і адкрыцці беларускай тэрыторыі для расійскіх ваенных аперацый”.

“Адна з практычных мэтаў — пашырыць спіс [прадстаўнікоў] беларускіх уладаў, у дачыненні да якіх могуць быць уведзеныя санкцыі ЗША, за межы вышэйшага кіраўніцтва краіны і службаў бяспекі, уключыўшы ў яго асоб, непасрэдна адказных за выкраданне ўкраінскіх дзяцей, супрацоўніцтва з Расіяй у несправакаваным уварванні ва Украіну і расійскую мілітарызацыю беларускай тэрыторыі”, — гаворыцца ў паведамленні прадстаўніцтва.

Суаўтарамі дакумента, як паведамляецца, з’яўляюцца члены кокуса па Беларусі Біл Кіцінг, Масі Каптур, Джо Уілсан, а таксама старшыня падкамітэту па Еўропе Цім Кейн.

Сярод іншага акт прадугледжвае: непрызнанне Лукашэнкі законна абраным прэзідэнтам Беларусі; далейшыя “заклікі да неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных”; непрызнанне “любога ўключэння Беларусі ў так званую Саюзную дзяржаву пад кантролем Расіі”; дапамогу ЗША ў прасоўванні дэмакратыі, правоў чалавека, вяршэнства закона і суверэнітэту ў Беларусі.

Акрамя гэтага таго, падкрэслівае прадстаўніцтва АПК, акт “патрабуе ад дзяржсакратара ЗША даць справаздачу перад Кангрэсам аб злачынствах, учыненых рэжымам Беларусі ў падтрымку несправакаванай агрэсіўнай вайны Расіі ва Украіне”.

“Кангрэс ЗША з’яўляецца адным з найбольш паслядоўных саюзнікаў дэмакратычнай Беларусі. Актуалізаваная версія Акта аб дэмакратыі ў Беларусі, якую ў пяты раз распрацаваў кангрэсмен Крыс Сміт, даказвае, наколькі шчыльна сочаць амерыканскія заканадаўцы за сітуацыяй у Беларусі і прапануюць ураду ЗША практычныя меры”, — адзначыў намеснік кіраўніка АПК, прадстаўнік па замежных справах Валерый Кавалеўскі.

Паводле яго слоў, абедзве палаты Кангрэса (Палата прадстаўнікоў і Сенат) павінны зацвердзіць акт да канца года.

Акт аб дэмакратыі быў прыняты ў 2004 годзе і абнаўляўся ў 2006, 2011, 2020 гадах. Ён стаў дэманстрацыяй паслядоўнай падтрымкі з боку ЗША незалежнай, суверэннай, дэмакратычнай Беларусі.

Дакумент пашырае магчымасці ЗША для санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі, дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасці і незалежным СМІ, жанчынам, якія “выступаюць за свабоду і правы чалавека”, палітычным уцекачам, якія ратуюцца ад рэпрэсій у Беларусі, не прызнае легітымнасць Лукашэнкі і прадугледжвае каардынацыю палітыкі ЗША ў дачыненні да Беларусі з іншымі краінамі.

Раней галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка паведамляў Позірку, што Акт аб дэмакратыі ў Беларусі з папраўкамі можа быць прыняты ў пачатку 2024 года.

Падзяліцца: