Мінск 14:34

Ціханоўская выступіць у Стакгольме на канферэнцыі па Беларусі (дапоўнена)

Стакгольм
Ілюстрацыйнае фота: unsplash.com./ Adam Gavlak

20 траўня, Позірк. “Я наведваю Швецыю, каб выступіць на Стакгольмскай канферэнцыі па Беларусі”, — паведаміла 20 траўня дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

“Я ўдзячная шведскаму ўраду і міністру замежных спраў Тобіясу Більстрому за пастаянную падтрымку. Барацьба за свабоду патрабуе чэмпіёнаў, і Швецыя — адзін з іх”, — напісала палітык на сваёй старонцы ў Х.

Раней паведамлялася, што канферэнцыя, якую арганізуе Стакгольмскі цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў (SCEEUS), МЗС Швецыі і Шведскі інстытут міжнародных стасункаў, пройдзе 21–22 траўня. Яе пачатак прымеркаваны да Міжнароднага дня салідарнасці з палітвязнямі ў Беларусі. Чакаецца, што форум стане платформай “для дэманстрацыі падтрымкі дэмакратычнага руху” і “забеспячэння высокага прыярытэту тэмы Беларусі ў еўрапейскім парадку дня”.

“Канферэнцыя будзе прысвечаная важнасці нацыянальнай ідэнтычнасці, культуры і мовы для краіны, значная частка насельніцтва якой жыве ў выгнанні, — заявілі арганізатары. — Тэмы будуць уключаць еўрапейскую будучыню [для Беларусі], ролю нацыянальнай ідэнтычнасці, мовы і культуры, а таксама патэнцыял для працвітання беларускай эканомікі і дэмакратыі”.

Таксама будзе разгледжана сітуацыя з беларускімі палітвязнямі.

Апрача ўдзелу ў канферэнцыі дэмлідар, паводле інфармацыі яе прэс-службы, правядзе сустрэчы з прэм’ер-міністрам Швецыі Ульфам Крыстэрсанам, спікерам Рыксдага (парламента) Андрэасам Норленам, міністрам замежных спраў Тобіясам Більстромам і міністрам і па справах ЕС Есікай Росваль, а таксама з парламенцкай “групай сяброў Беларусі”.

Ціханоўская таксама абмяркуе сітуацыю ў Беларусі з дэпутатамі шведскай дэлегацыі ў АБСЕ і членамі краінавай дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, амбасадарам Літвы ў Швецыі, экс-міністрам замежных спраў Лінасам Лінкявічусам, генеральным дырэктарам Шведскага агенцтва развіцця міжнароднага супрацоўніцтва (SIDA) Якабам Гранітам.

Палітык мае намер заявіць пра неабходнасць ізаляваць рэжым Аляксандра Лукашэнкі, але не Беларусь і беларусаў, захаваць мабільнасць людзей, выдаваць як мага больш віз, падтрымліваць незалежныя СМІ і праваабаронцаў, дапамагаць беларусам за мяжой з легалізацыяй.

Апоўдні 20 траўня Ціханоўская павінна была ўзяць удзел у мітынгу салідарнасці з Украінай, які праходзіць штопанядзелак у цэнтры Стакгольму.

21 траўня ў 18:30 дэмлідар далучыцца да мітынгу беларускай дыяспары ў Швецыі, прымеркаваным да Міжнароднага дня салідарнасці з палітвязнямі Беларусі.

23–25 траўня ў пражскім Каралінуме (комплекс Карлавага ўніверсітэта) адбудзецца кангрэс, прысвечаны палітвязням Беларусі.

На 20 траўня ў Беларусі 1.362 чалавекі, якіх праваабарончая супольнасць прызнае палітвязнямі. Рэальная колькасць людзей, якія зазналі рэпрэсіі ў той ці іншай форме, значна большая.

Падзяліцца: