Мінск 21:34

“Беларусьфільм” у 2024 годзе збіраецца выпусціць 25 фільмаў — у асноўным прапагандысцкіх

Ірына Дрыга
Скрыншот СТВ: "Наша Ніва"

22 траўня, Позірк. У 2024 годзе кінастудыя “Беларусьфільм” збіраецца выпусціць 25 фільмаў, паведаміла на прэс-канферэнцыі начальнік аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Ірына Дрыга.

Паводле яе слоў, прэм’ера ігравога фільма “Час вярнуцца” адбылася 2 траўня. Гэтая карціна аб дзеяннях партызан у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Вытворчасць другога фільма — “Чорны замак”, па матывах рамана Уладзіміра Караткевіча “Чорны замак Альшанскі” — завершаная, выхад у пракат чакаецца восенню.

Чыноўніца заявіла аб падрыхтоўцы здымак яшчэ аднаго фільма, вызначыўшы яго жанр як “новая змяшаная форма ігравога і неігравога кіно”. “Такая цікавая форма ўжытая да досыць строгай тэмы — гэта дзяржаўная сімволіка. Мы прывыклі, што пра дзяржаўныя сімвалы выказваюцца строга і афіцыйна, тут жа ў цэнтры ўвагі будзе дзяржаўная сімволіка вачыма моладзі”, — удакладніла Дрыга.

Яна анансавала прэм’еру 27 чэрвеня поўнаметражнага анімацыйнага фільма аб мемарыяльных комплексах Беларусі: “Фільм разлічаны на дзіцячую і падлеткавую аўдыторыю і раскажа аб мемарыяльных комплексах, створаных на месцах трагічных падзей альбо гераічных бітваў Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі”.

Іншы анімацыйны фільм, паводле слоў прадстаўніцы Мінкульта, раскажа дзецям не толькі аб дзяржсімвалах, але і аб дзяржаўных святах Беларусі.

Дрыга падкрэсліла, што цяпер “актыўна здымаюцца” ролікі з цыклу “Гонар Беларусі” пра беларускія прадпрыемствы і ўстановы культуры, дакументальныя фільмы пра “генацыд беларускага народа”, трылогія, прысвечаная гісторыі беларускага кіно, дакументальныя нарысы пра вядомых дзеячаў культуры і спорту.

1 траўня ў эфіры тэлеканала АНТ намеснік кіраўніка аддзела па кінематаграфіі ведамства Крысціна Мельнікава паведаміла, што Міністэрства культуры за чатыры месяцы не атрымала ніводнага сцэнара для здымак фільма пра “гераізм супрацоўнікаў праваахоўных органаў падчас падзей жніўня 2020 года ў Беларусі”.

Конкурс сцэнарыяў для вытворчасці ў 2025 годзе фільмаў “у ігравой, неігравой, анімацыйнай формах за кошт субсідыі дзяржаўным арганізацыям кінематаграфіі” Мінкульт абвясціў 5 студзеня.

Прапанаваныя былі і іншыя тэмы: ваенна-патрыятычная; школа і настаўнікі Беларусі; працаўнікі беларускай вёскі; беларускія лётчыкі-героі; героі беларускага спорту; кінаказка з беларускімі героямі для сямейнага прагляду; навагодняя гісторыя для сямейнага прагляду, падзеі якой адбываюцца ў Беларусі.

Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца Міністэрства культуры і кінастудыя “Беларусьфільм”. Адным з крытэраў ацэнкі сцэнарыяў называлася”патэнцыйная запатрабаванасць фільма ў айчынным і сусветным кінапракаце, на тэлеканалах, інтэрнэт-платформах”.

Дрыга вядомая тым, што фактычна адказвае ў Беларусі за цэнзуру ў сферы культуры. Яна адкрыта заяўляла пра існаванне забароны на прафесію, а таксама тлумачыла парадак вяртання на радзіму артыстаў, якія эмігравалі: “Заявіце аб сваёй пазіцыі і ідэнтыфікуйце сябе як прыналежнасць да пэўнай групы людзей. Другое — удзельнічаць у культурных праектах, якія маюць сацыяльна-палітычны характар”.

Падзяліцца: