Мінск 04:33

Лукашэнка падпісаў закон, які дазваляе падоўжыць гарантыйнае абслугоўванне БелАЭС

Фота: прэс-служба Міністэрства энергетыкі

23 траўня, Позірк. Закон “Аб ратыфікацыі пратакола аб унясенні змяненняў у Пагадненне паміж урадамі Беларусі і Расіі аб супрацоўніцтве ў будаўніцтве на тэрыторыі Беларусі атамнай электрастанцыі ад 15 сакавіка 2011 года” падпісаў 21 траўня Аляксандр Лукашэнка.

Дакумент апублікаваны 23 траўня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Сярод іншага пратакол прадугледжвае, што ўстаноўлены пагадненнем двухгадовы гарантыйны тэрмін эксплуатацыі абсталявання станцыі можа быць прадоўжаны “з улікам тэрміну будаўніцтва АЭС”.

Таксама пагадненне дапоўнена палажэннем аб фарміраванні цаны на ядзернае паліва.

Згодна з дакументам, кошт паліва і ўмовы яго пастаўкі ўзгадняюцца Міністэрствам энэргетыкі Беларусі і расійскай дзяржкарпарацыяй “Расатам”. Цэны замацоўваюцца ў двухбаковых дагаворах ўпаўнаважанымі кампетэнтнымі органамі.

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прыняла законапраект сёлета 17 красавіка, Савет Рэспублікі — 6 траўня.

Як паведамлялася, змены “выкліканыя неабходнасцю ўрэгулявання актуальных пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва ў галіне эксплуатацыі Беларускай АЭС”.

31 кастрычніка 2023 года, прымаючы даклад аб завяршэнні будаўніцтва БелАЭС, Лукашэнка заявіў, што тэрміны ўводу аб’екта ў эксплуатацыю парушаныя па віне расійскага боку.

Ён адзначыў, што перад расійскім бокам было пастаўленае “пытанне аб кампенсацыях”, у адказ на што “яны нам прапанавалі варыянты і па цане на свежае ядзернае паліва — як для расіян, як для сваіх станцый”, і пяцігадовы гарантыйны тэрмін на асноўныя вузлы.

Паводле слоў Лукашэнкі, пры будаўніцтве станцыі беларускі бок вылучаў жорсткія патрабаванні да “Расатама” “па рознага роду нюансах”, паколькі “мы — чарнобыльская рэспубліка”.

У той жа дзень у дзяржкарпарацыі “Расатам” у адказ на прэтэнзіі Лукашэнкі заявілі, што ў Расіі і Беларусі няма нявырашаных пытанняў па праекце БелАЭС, затрымка яе будаўніцтва адбылася “з-за пандэміі і ўзрослых санкцыйных рызык”.

“Задача паскорыць працэсы на шкоду патрабаванням бяспекі ніколі не стаяла”, — гаварылася ў заяве.

Збудаванне Беларускай АЭС паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць) завяршылася восенню 2023 года. Станцыя пабудаваная паводле расійскага праекта, за кошт крэдыту РФ, генеральным падрадчыкам выступіў “Расатам”.

Першы энергаблок АЭС сілкуе энергасістэму Беларусі з 3 лістапада 2020 года, другі — з 13 мая 2023-га. У прамысловую эксплуатацыю яны ўведзеныя ў чэрвені 2021-га і лістападзе 2023-га адпаведна.

З 1 красавіка 2024 года Беларусь павінна пачаць пагашаць расійскі крэдыт на будаўніцтва электрастанцыі. Летась улады РФ перанеслі на год тэрмін пачатку выплаты асноўнай запазычанасці, валюта плацяжоў была змененая з долараў на расійскія рублі.

Беларусь абавязалася вярнуць запазычаныя сродкі 30 роўнымі долямі, выплаты павінны ажыццяўляцца кожныя паўгода.

Паводле ацэнкі “Расатама” на БелАЭС было выдаткавана 5,36 млрд долараў.

Падзяліцца: