НАУ плануе стварыць сайт на аснове даных дзяржкаталога Музейнага фонду

27 траўня, Позірк. На аснове скапіяваных даных дзяржаўнага каталога Музейнага фонду Беларусі ў перспектыве плануецца стварыць сайт з пералікам экспанатаў, дзе “кожны ахвочы зможа з імі азнаёміцца”, паведаміла “Позірку” прэс-сакратар кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Паўла Латушкі Юлія Гарачая.
Разам з тым, паводле яе слоў, “ужо зараз гісторыкі змогуць вывучаць гэтую базу”.
Доступу да партала дзяржкаталога Музейнага фонду, пра атрыманне якога было абвешчана напярэдадні, у каманды Латушкі ўжо няма. “Яны (адмыслоўцы ў Беларусі. — “Позірк”.) вярнулі кантроль над сайтам, але сам каталог у нас”, — падкрэсліла Гарачая.
Яна пацвердзіла, што ўсе матэрыялы па экспанатах, якія дэмсілы дадалі ў каталог напярэдадні, выдаленыя.
Разам з тым прэс-сакратар палітыка звярнула ўвагу на сам факт таго, што рэсурс быў дапоўнены: “Тое, што мы на сайце размясцілі — гэта дэманстрацыя таго, што мы мелі доступ”. “Гэта значыць, мы набылі базу, зрабілі з гэтага навіну, паказаўшы, што мелі доступ. Канешне, яны вярнулі доступ, але база ў нашых руках”, — патлумачыла яна.
Паводле слоў Гарачай, наяўнасць базы дазваляе НАУ адсочваць “усе музейныя прадметы, якія на гэты момант у фондах усіх музеяў Беларусі, іх стан, у якім музеі знаходзіцца той ці іншы прадмет”.
“І цяпер ніхто не зможа знішчыць ці прадаць які-небудзь прадмет музейнага значэння так, каб мы потым пра гэта не даведаліся, — адзначыла прадстаўніца палітычнай структуры. — Гэта значыць, мы можам не дапусціць схаванага вывазу нашых культурных каштоўнасцяў або, напрыклад, знішчэння прадметаў, звязаных з нацыянальнай гісторыяй. Гэта ў тым ліку і гарантыя абароны ад рускага свету і перапісвання гісторыі”.
26 траўня Латушка паведаміў у сваім тэлеграм-канале, што НАУ атрымала доступ да партала дзяржкаталога Музейнага фонду.
Аналагічная інфармацыя была размешчана непасрэдна на партале. Цяпер пераход па спасылцы на гэтае паведамленне выдае “памылку 404” і папярэджанне, што “такой старонкі ніколі не існавала або яна сышла ў гісторыю”.
Напярэдадні Латушка падкрэсліў, што кантроль над парталам быў атрыманы “без выкарыстання дапамогі асоб унутры Беларусі”, адпаведна, “не створана рызыка ніводнаму супрацоўніку беларускіх музеяў”.
Пераход партала пад кантроль НАУ ён назваў сведчаннем таго, што “так званы міністр культуры Анатоль Маркевіч не кантралюе сферу культуры Беларусі”. “У нашым распараджэнні знаходзіцца каталог, што ўтрымлівае амаль 165 тыс. музейных прадметаў, якія з’яўляюцца нацыянальнай спадчынай беларускага народа, а не рэжыму Лукашэнкі”, — адзначыў Латушка.
Каталог, паводле слоў палітыка, “перададзены на захаванне Музею свабоднай Беларусі, які з’яўляецца адным са шматлікіх праектаў НАУ”.
“Усе грамадзяне Беларусі змогуць атрымаць доступ да звестак аб музейных прадметах, якія знаходзяцца ў музеях і калекцыях Рэспублікі Беларусь”, — заявіў ён.
Латушка таксама паведаміў пра уключэнне 26 траўня ў дзяржкаталог новых прадметаў, якія з’яўляюцца “гістарычнай і культурнай каштоўнасцю беларускага народа”. Напрыклад, у пералік былі дададзеныя бел-чырвона-белы сцяг з імёнамі палітзняволеных беларусаў працы журналісткі Марыі Грыц; сукенка “БЧБ-нявесты” Іны Зайцавай, у якой яна ўдзельнічала ў акцыях пратэсту 2020 года; адзенне добраахвотніка палка Каліноўскага Васіля Грудавіка (пазыўны “Атам”), які загінуў ва Украіне ў 2022 годзе; адзенне былой палітзняволенай, удзельніцы фэнтазі-фолк-гурта Irdorath Юліі Марчанка (Юніцкай); пратакол аб выніках галасавання па выбарах прэзідэнта Беларусі выбарчай камісіі № 35 (Ліда, Гродзенская вобласць), у якім зафіксавана перамога Святланы Ціханоўскай; шыльда “Skwer Wolnej Białorusi” (Сквер свабоднай Беларусі) — копія аналагічнай вулічнай шыльды ў Беластоку.
Месцам фізічнага захоўвання гэтых прадметаў у каталогу названы Музей свабоднай Беларусі, які месціцца ў Варшаве.
Вышэйпералічаныя экспанаты ў каталогу ўжо не значацца.



- ПалітыкаЦіханоўская: Заходнія палітыкі часам забываюць, што дыктатары — прафесійныя ашуканцы (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаТраціна літоўцаў лічыць спадчыну ВКЛ агульнай для ўсіх народаў, што ў ім жылі, чвэрць — толькі сваёй, паказала даследаваннеМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаПераважная большасць літоўцаў лічыць Беларусь аўтарытарнай ці хутчэй аўтарытарнай дзяржавай — даследаваннеМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаУзровень пазітыўнага стаўлення да беларусаў сярод жыхароў Літвы прыкладна такі ж, як ва Украіне, але вышэйшы, чым у Польшчы, і ніжэйшы, чым у Латвіі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка, ЭканомікаГендырэктар Беларускай цэментнай кампаніі: Санкцыі толькі з'ядналі наш працоўны калектыўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- ЭканомікаІнвестыцыі ў асноўны капітал знізіліся на 1,5% — даныя Белстата (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, ПалітыкаЦіханоўская пастаянным прадстаўнікам пры НАТО: Цяпер, калі Лукашэнка слабы і цалкам залежны, мы не павінны аслабляць ціск (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
