Мінск 15:21

Памежнікі Беларусі маюць усё, каб “даць жорсткі адпор парушальнікам”, сцвярджае Лукашэнка

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

28 траўня, Позірк. Абарона межаў з’яўляецца найважнейшай умовай захавання суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці краіны, адзначыў Аляксандр Лукашэнка 28 траўня ў віншавальным пасланні з нагоды Дня пагранічніка.

На яго думку, у Беларусі створана “сучасная, мабільная, добра аснашчаная, прафесійная пагранічная служба”, якая штодзень “аператыўна рэагуе” на ўсе знешнія выклікі і пагрозы, “эфектыўна вырашаючы” задачы па ахове мяжы і “гарантаванні нацыянальнай бяспекі”.

Лукашэнка перакананы, што беларускія памежнікі сёння маюць “усе неабходныя веды, уменні і сродкі”, каб пры любых умовах “даць жорсткі адпор парушальнікам”.

У леташнім пасланні Лукашэнка заяўляў, што ва ўмовах усё большай напружанасці на межах ад “ваяроў у зялёных фуражках патрабуецца высокі прафесіяналізм, падвышаная пільнасць, самаахвярнасць і жалезная дысцыпліна”.

У выпадку парушэння мяжы вайскоўцы і пагранічнікі павінны дзейнічаць жорстка, заявіў Аляксандр Лукашэнка 26 сакавіка ў раёне размяшчэння танкавага батальёна ў Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці (мяжуе з Літвой).

“Публічна скажу: любая правакацыя павінна спыняцца ўзброеным шляхам, — сказаў ён. — Няма чаго з імі жартаваць. Парушылі дзяржаўную мяжу — да знішчэння. Ніхто не павінен ні з кім цырымоніцца. І мы так і будзем рабіць. Таму любое парушэнне дзяржаўнай мяжы — на знішчэнне. Яны разумеюць толькі моц”.

Паводле афіцыйнай біяграфіі, Лукашэнка ў 1975 годзе быў прызваны ў войска, служыў у пагранічных войсках, быў інструктарам палітаддзела Заходняй пагранічнай акругі (Брэст). Яго старэйшыя сыны — Віктар і Дзмітрый — таксама служылі ў пагранвойсках.

Краіны Захаду лічаць Дзяржпагранкамітэт датычным да міграцыйнага крызісу на м]жы Беларусі і ЕС. Пад санкцыямі знаходзяцца экс-старшыня Дзяржпагранкамітэта Анатоль Лапо, цяперашні кіраўнік Канстанцін Моластаў, начальнік асобнай службы актыўных мерапрыемстваў (АСАМ) Ігар Кручкоў, шэраг іншых былых і цяперашніх прадстаўнікоў ведамства.

Падзяліцца: