Мінск 04:02

Яшчэ двое польскіх вайскоўцаў параненыя на мяжы з Беларуссю

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Паммежнай аховы Польшчы

31 траўня, Позірк. Памежная ахова Польшчы, даючы справаздачу 31 траўня пра сітуацыю за папярэднія два дні, паведаміла, што ў выніку “агрэсіўных паводзінаў” замежнікаў за бар’ерам на мяжы з Беларуссю былі параненыя двое польскіх салдат, іх шпіталізавалі.

Паводле інфармацыі ведамства, 29 і 30 траўня незаконна перасекчы мяжу з беларускага боку спрабавалі 310 мігрантаў. Згодна з праведзеным “Позіркам” аналізам статыстычных даных памежных служб краін Еўрасаюза — суседзяў Беларусі, ад пачатку месяца Польшча зафіксавала 6,8 тыс. такіх выпадкаў, года — 16,2 (разам з Літвой і Латвіяй — 7,4 тыс. і 18,5 тыс. адпаведна).

Раніцай 28 траўня на мяжы з Беларуссю замежнікі паранілі польскага вайскоўца і дваіх памежнікаў. У сувязі са здарэннем, паводле сцвярджэння прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска, на ахову мяжы былі накіраваныя дадатковыя сілы.

На наступны дзень кіраўнік польскага ўрада наведаў размяшчэнне памежнікаў у вёсцы Дубічэ-Царкеўнэ (ля Белавежскай пушчы) і заявіў пра планы аднавіць 200-метровую буферную зону каля мяжы з Беларуссю.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін Еўрасаюза цягнецца з вясны 2021 года. Улады Польшчы і краін Балтыі лічаць яго гібрыднай атакай, арганізаванай рэжымамі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.

Падзяліцца: