Мінск 06:30

КДБ арыштаваў дом уладальніка этнакрамы “Адметнасць” Верамеенкі

Крыніца: старонка Сяргея Верамеенкі ў "Фэйсбуку"

5 чэрвеня, Позірк. Камітэт дзяржбяспекі наклаў арышт на дом гродзенскага актывіста, уладальніка крамы нацыянальнай сімволікі “Адметнасць” Сяргея Верамеенкі.

На сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” мужчына апублікаваў фота забітых дзвярэй дома, на якіх налеплена абмежавальнае апавяшчэнне з надпісам “Апячатана. Накладзены арышт. Уваход забаронены”.

На паперы стаяць пячаткі “Для пакетаў №1”, а таксама подпіс супрацоўніка КДБ Цвярскова А.С. Пазначана, што “па ўсіх пытаннях звяртацца ў Галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэта”.

“Вось так цяпер выглядае наш дом у Гродна. Той самы дом, які калісьці належаў майму дзеду — ветэрану ВАВ, кавалеру ордэна Айчыннай вайны Пракопчыку Сцяпану Васільевічу”, — напісаў Верамеенка.

19 сакавіка 2024 года Міністэрства ўнутраных спраў прызнала “экстрэмісцкім фарміраваннем” краму тавараў з нацыянальнай сімволікай “Адметнасць”.

Сямейнай пары Сяргею і Вользе Верамеенкам належала аднайменная крама ў Гродна. Пасля вымушанага пераезду ў Беласток (Польшча) яны адкрылі інтэрнэт-краму з такой жа назвай.

У 2020 годзе Верамеенка адбыў адміністрацыйны арышт за ўдзел у акцыях пратэсту, у краме прайшоў ператрус. 14 сакавіка 2024-га СК пачаў у дачыненні да яго спецвытворчасць паводле ч. 1 і 2 арт. 3614 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

23 траўня ў дачыненні да Вольгі Верамеенка была распачатая спецыяльная вытворчасць. Яе абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 3614 КК.

Практыку арышту і наступнага продажу нерухомасці палітычных эмігрантаў і палітвязняў улады выкарыстоўваюць з 2023 года.

У ліпені 2023 года з трэцяга разу з аўкцыёну была прададзеная мінская кватэра Сяргея і Святланы Ціханоўскіх. У 2024-м прададзеныя кватэры ў Мінску экс-прэтэндэнта ў прэзідэнты Валерыя Цапкалы, палітзняволенага праваабаронцы Уладзіміра Лабковіча, жылы дом у Віцебскім раёне сябра партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД), блогера Алены Янушкоўскай.

Падзяліцца: