Мінск 16:00

Беларусь і Манголія дамовіліся аб прызнанні дакументаў аб адукацыі і супрацоўніцтве ў сельскай гаспадарцы

Фота: montsame.mn

4 чэрвеня, Позірк. Беларуска-мангольскае міжурадавае пагадненне аб узаемным прызнанні дакументаў аб адукацыі, а таксама дарожная карта супрацоўніцтва профільных міністэрстваў абедзвюх краін на 2024-2026 гады падпісаныя падчас візіту ва Улан-Батар дэлегацыі Міністэрства адукацыі Беларусі.

Паводле інфармацыі ведамства, “прамое ўзаемадзеянне” паміж ВНУ Беларусі і Манголіі рэалізуецца ў рамках 12 міжуніверсітэцкіх дагавораў. Пры гэтым “на працягу некалькіх гадоў грамадзянам Манголіі выдаткоўваюць гранты на навучанне па запатрабаваных для нацыянальнай эканомікі спецыяльнасцях, цяпер за кошт іх на ўзроўні вышэйшай і прафтэхадукацыі вучацца 33 жыхары гэтай дзяржавы”.

Паведамляецца, што Беларусь унесла прапанову арганізаваць “падрыхтоўку высокакваліфікаваных рабочых кадраў сярод грамадзян Манголіі ў айчынных установах адукацыі па наступных профілях: тэхніка і тэхналогія, архітэктура і будаўніцтва, сельская і лясная гаспадарка, а таксама ў арганізацыі праграм стажыровак для навучэнцаў і выкладчыкаў з Манголіі па прыкладных кваліфікацыях у цэнтрах кампетэнцый і на іншых нацыянальных пляцоўках”.

1-4 чэрвеня Манголію з дзяржаўным візітам наведвае Аляксандр Лукашэнка, які 3 чэрвеня падпісаў з прэзідэнтам краіны Ухнаагійнам Хурэлсухам дагавор аб дружалюбных адносінах і супрацоўніцтве.

Раней паведамлялася аб падпісанні Мемарандума аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам юстыцыі і ўнутраных спраў Манголіі і Міністэрствам транспарту і камунікацый Беларусі аб узаемным прызнанні і абмене вадзіцельскіх пасведчанняў.

Акрамя таго, паводле інфармацыі Мангольскага нацыянальнага інфармагенцтва, падпісана яшчэ восем мемарандумаў аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве паміж шэрагам дзяржорганаў і арганізацый, а таксама дарожная карта супрацоўніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі.

Напярэдадні візіту экс-прэзідэнт краіны Цахіагійн Элбэгдорж (2009-2017) заклікаў цяперашнія ўлады дзяржавы арыштаваць візіцёра, які “здзейсніў злачынствы супраць чалавечнасці”. Гэта, на яго думку, палепшыла б імідж краіны.

Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская падзякавала мангольскаму палітыку за “рашучы заклік прыцягнуць беларускага дыктатара да адказнасці” і заявіла, што Лукашэнка “павінен паўстаць перад міжнародным трыбуналам”.

Падзяліцца: