Мінск 05:04

Беларусь гатовая экспартаваць угнаенні і паліва па нізкіх цэнах, заяўляе Русы

Калійныя ўгнаенні
Ілюстрацыйнае фота: clearerimages.com

6 чэрвеня, Позірк. Беларусь гатовая экспартаваць паліва і ўгнаенні танней за цяперашнія цэны ў абмен на тэхналогіі, заявіў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу (СР НС) Міхаіл Русы 6 чэрвеня ў Мінску на канферэнцыі па пытаннях дасягнення Мэт устойлівага развіцця.

“Беларусь адкрытая па ўсіх напрамках, бар’еры — з таго боку. Мы гатовыя… Вось хто тут прысутнічае з краін замежжа, вы перадайце сваім людзям, што Беларусь гатовая прадаваць танныя ўгнаенні, Беларусь гатовая прадаваць паліва танней, чым у вашых краінах вырабляецца”, — цытуюць парламентарыя дзяржаўныя СМІ.

“Прывязём бульбу, малако, мяса, прадукты харчавання любых відаў, якія вы замовіце. <…> Вы давайце нам тэхналогіі (і мы гатовыя іх прымаць), якія забяспечаць у разы эфектыўнасць і аб’ёмы вытворчасці”, — дадаў ён, звяртаючыся да замежных удзельнікаў форуму.

Паводле слоў Русага, Беларусь цалкам забяспечыла ўласную харчовую бяспеку і “на 8 мільярдаў долараў пастаўляе прадукты харчавання ў сусветны фонд”, каб “хоць па дробку знізіць дэфіцыт харчавання, які існуе ў свеце”.

“Беларусь адкрытая па ўсіх кірунках, мяжа адкрытая, бязвізавы рэжым. А з таго боку – бар’ер”, — сцвярджае член СР НС.

У траўні — чэрвені 2022 года на фоне ўведзеных санкцый кампанія “Беларуськалій” пачала прадаваць сваю прадукцыю са зніжкамі 30–50%.

Выданне “Коммерсантъ” паведамляла, што прадпрыемства заключыла дагавор з аператарам “Кістоун Лоджыстыкс” (Санкт-Пецярбург) на перавалку 2 млн тон калію ў кантэйнерах да канца 2023 года, акрамя таго, пастаўляе ўгнаенні ў кантэйнерах па расійскай чыгунцы ў Кітай.

Сцвярджалася, што пастаўкі беларускай прадукцыі наносяць шкоду расійскім вытворцам і патэнцыйна ўдараць па замежных, паколькі, паводле звестак крыніц медыя ў гэтай сферы, “Беларуськалій” дэмпінгуе, імкнучыся павялічыць аб’ёмы паставак.

8 чэрвеня 2023 года Беларуская калійная кампанія (БКК) заявіла, што канадскі пастаўшчык угнаенняў Canpotex разбурае рыначную раўнавагу і дае ілжывы сігнал сусветнаму рынку калію, зніжаючы цэны на прадукцыю.

Выручка ад экспарту калійных угнаенняў — значны складнік даходнай часткі дзяржбюджэту Беларусі.

Асноўныя імпарцёры беларускага калію — Бразілія, Кітай і Індыя.

Генеральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Антоніу Гутэрыш на пасяджэнні Савета бяспекі ААН 5 траўня 2023 года заявіў пра неабходнасць зняцця санкцый з экспарту беларускіх і расійскіх угнаенняў. Паводле яго слоў, на сустрэчах з расійскім і ўкраінскім лідарамі ён узнімаў пытанне харчовага крызісу, які з прычыны вайны ва Украіне ўзнік у Сенегале, Нігеры і Нігерыі.

Дэмсілы Беларусі выступаюць супраць такога рашэння.

Падзяліцца: