Мінск 15:52

У адказ на смерць польскага вайскоўца Латушка прапануе зачыніць чыгуначныя пераходы

Мост праз Заходні Буг на польска-беларускай мяжы.
Архіўнае фота: Polskie Koleje Państwowe

7 чэрвеня, ПозіркУ адказ на смерць польскага вайскоўца “можна было б вельмі жорстка паставіць пытанне — зачыніць чыгуначныя пагранічныя пераходы”, заявіў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка 6 чэрвеня на сустрэчы з беларускай дыяспарай у Любліне.

Паводле палітыка, раней ён неаднаразова падчас двухбаковых сустрэч з прадстаўнікамі Літвы і Польшчы прапаноўваў такі крок у якасці пашырэння санкцый супраць афіцыйнага Мінска.

“Мне сказаў адзін высокапастаўлены чыноўнік: “Можа, гэта выглядае і слушна. Можа, на словах гэта проста. Але з пункту гледжання рэалізацыі гэта вельмі складана”, — адзначыў Латушка.

“У гэтай сітуацыі, будучы на месцы тых, хто прымае рашэнні тут, канешне, я бы зачыніў чыгуначныя пераходы і даў дакладны адказ”, — сказаў палітык.

На яго думку, у гэтым не былі бы зацікаўлены ўлады Кітая як пастаўшчыкі транзітных тавараў і маглі б ўплываць на Мінск.

Пра смерць вайскоўца 1-й танкавай брыгады, параненага 28 траўня, стала вядома 6 чэрвеня. Паводле інфармацыі Памежнай аховы Польшчы, салдат зазнаў напад мігранта з нажом, што ў складзе вялікай групы спрабаваў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі.

На фоне гэтых здарэнняў Польшча скіравала на мяжу дадатковыя сілы. 29 траўня прэм’ер-міністр Дональд Туск заявіў пра планы аднавіць 200-метровую буферную зону ля мяжы з Беларуссю. Меркавалася, што яе вернуць 4 чэрвеня, але пасля было заяўлена, што спачатку гэтае пытанне абмяркуюць з мясцовымі ўладамі.

Пра напады мігрантаў на польскіх памежнікаў і вайскоўцаў на мяжы з Беларуссю таксама паведамлялася 31 траўня і 4 чэрвеня.

Нота пратэсту з “рашучым патрабаваннем спыніць правакацыі на польска-беларускай мяжы і арганізацыю міграцыйных плыняў” уручаная напярэдадні паверанаму ў справах Беларусі Аляксею Панкраценку. Варшава запатрабавала ад Мінска “высветліць асобу і выдаць падазраванага ў забойстве польскага грамадзяніна”.

Прэзідэнт Анджэй Дуда склікае Раду нацыянальнай бяспекі у сувязі з сітуацыяй на мяжы з Беларуссю 10 чэрвеня.

930 спроб пранікнення нелегальных мігрантаў з беларускай тэрыторыі спынілі суседнія краіны Еўрасаюза за першыя чатыры дні чэрвеня. Гэта на 12,7% больш, чым на пачатку траўня (825), і на 78,5% больш, чым за 1–4 чэрвеня летась (521), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз звестак памежных служб.

Падрабязнасці даступныя падпісчыкам “Позірк+”

Падзяліцца: