Мінск 11:54

У спіс “экстрэмістаў” дададзена 15 чалавек, у тым ліку журналіст Ігнацюк

Аляксандр Ігнацюк
Крыніца: сайт ПЦ "Вясна"

7 чэрвеня, Позірк. У пералік асоб, “датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”, 7 чэрвеня дададзена яшчэ 15 чалавек, цяпер у ім 4.134 пазіцыі.

Згодна з абноўленым дакументам на сайце МУС, 12 уключаных у спіс знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, насупраць трох прозвішчаў стаіць адзнака “судзімасць не пагашаная”.

Сярод уключаных у спіс пяць жанчын, у тым ліку 64-гадовая актывістка з Гомеля палітзняволеная Святлана Кароль, асуджаная ў сакавіку на 1,5 года пазбаўлення волі.

Да “экстрэмістаў” прылічаныя палітвязні Дзяніс Мікіта і журналіст Аляксандр Ігнацюк.

Мікіта асуджаны на тры гады пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму паводле арт. 368 КК (абраза прэзідэнта). Мужчына быў судзімы да гэтага 10 разоў.

Ігнацюк прыгавораны да шасці гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта), ч. 1 арт. 208 (вымагальніцтва, здзейсненае паўторна, альбо групай асоб, альбо з ужываннем гвалту) КК.

Да 2003 года Ігнацюк выдаваў незалежную рэгіянальную газету “Вячэрні Столін”, затым быў рэдактарам сайта “Пра Столін”.

У месцах пазбаўлення волі знаходзяцца ўнесеныя 7 чэрвеня ў спіс Фёдар Манаенкаў, Аляксандр Пелеш, Яўген Чыкіда, Вольга Волкава, Уладзімір Саплін, Віктар Прыходзька, Кірыл Худзякоў, Наталля Цімашэнка, Сяргей Чыжэўскі. Яны асуджаныя паводле “палітычных” артыкулаў, але пакуль не прызнаныя палітвязнямі.

Фінансавыя аперацыі асоб, уключаных у “спіс экстрэмістаў”, кантралююцца “з мэтай прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансавання экстрэмісцкай дзейнасці”.

На працягу пяці гадоў пасля выканання судовых рашэнняў людзі з гэтага пераліку не могуць займацца педагагічнай і выдавецкай дзейнасцю, быць на дзяржслужбе, карыстацца зброяй.

Падзяліцца: