Мінск 11:25

Латушка заклікаў жыхароў ЕС падчас выбараў у Еўрапарламент памятаць пра беларусаў

Ілюстрацыйнае фота: delfi.lt

8 чэрвеня, Позірк. Выбары ў Еўрапарламент 6–9 чэрвеня, якія “завуць гістарычнымі, пераломнымі і вырашальнымі”, маюць “вялікае значэнне” для беларусаў, заявіў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) і член Каардынацыйнай рады Павел Латушка.

У звароце да грамадзян краін Еўрасаюза з нагоды электаральнай кампаніі палітык адзначыў, што беларускі народ дзесяцігоддзямі змагаецца за права жыць у дэмакратычнай і незалежнай дзяржаве, за свабоду і выкананне правоў чалавека — “за тыя базавыя каштоўнасці, на якіх заснаваная Аб’яднаная Еўропа”.

“Нашыя каштоўнасці — гэта еўрапейскія каштоўнасці, — заявіў Латушка. — Гэта тое, што робіць нас еўрапейцамі, нягледзячы на вельмі цяжкую ўнутрыпалітычную і геапалітычную сітуацыю, у якой знаходзіцца Беларусь і беларускі народ. І менавіта таму мы, беларусы, зацікаўленыя ў моцнай Еўропе, у моцных інстытутах, якія будуць падтрымліваць дэмакратычныя і еўрапейскія памкненні нашага і іншых еўрапейскіх народаў. Моцная Еўропа для нас — гэта важнейшы фактар, ад якога залежыць не толькі ваша, але і наша будучыня”.

Ва ўмовах масавых рэпрэсій у краіне і маштабнай эміграцыі, падкрэсліў ён, беларусы “больш востра маюць патрэбу ў саюзніку, моцным і сумленным сябры, які будзе гатовы падтрымліваць” іх у барацьбе за будучыню.

“А калі казаць наўпрост — у барацьбе за само нашае існаванне. Існаванне Беларусі як дзяржавы. Бо менавіта зараз пагроза для незалежнасці, для самой дзяржаўнасці Рэспублікі стаіць вастрэй за ўсё з моманту прыняцця Дэкларацыі аб незалежнасці”, — дадаў кіраўнік НАУ.

Паводле яго слоў, Расія спрабуе знішчыць Беларусь, “а зброяй у яе руках выступае дыктатура Лукашэнкі”. Беларусы, падкрэсліў палітык, яе “не выбіралі”, яны “зрабілі проста супрацьлеглы выбар, і ў 2020 годзе гэтым выбарам захаплялася ўся Еўропа”.

“За гэты выбар мы змагаемся дагэтуль, нягледзячы на тую страшную машыну тэрору, якая на нас за яго абрынулася. Але вялізная цана, якую мы плацім за гэты выбар, вызначае яго вялікую каштоўнасць”, — заявіў ён.

Латушка заклікаў еўрапейцаў, вырашаючы, “ісці ці не ісці на выбары”, падумаць пра тое, “якая гэта вялізная каштоўнасць — мець выбар, мець права выбару”.

“Падумайце пра тыя каштоўнасці і прывілеі, якія вы маеце і якія сёння могуць здавацца вам дадзенасцю, штодзённасцю, нечым існым самім па сабе, — адзначыў кіраўнік НАУ. — І ўзгадайце пра беларускі народ, які зараз змагаецца і праходзіць праз найцяжэйшыя выпрабаванні дзеля таго, каб мець права выбару. Дзеля таго, каб жыць у такой самай свабоднай краіне, у якіх вы маеце шчасце жыць сёння”.

“Нашыя ахвяры — гэта пасвячэнне для будучай незалежнай, дэмакратычнай еўрапейскай Беларусі. І мы разлічваем на вас. Разлічваем на вашую падтрымку і салідарнасць”, — падсумаваў палітык.

Для падпісчыкаў “Позірк+”:

Вынікі выбараў у Еўрапарламент не паўплываюць на стаўленне ЕС да Беларусі і Расіі — Фрыдман (на рускай мове)

Падзяліцца: