Мінск 20:28

Продажы новых аўтамабіляў у траўні знізіліся на 5,6% — БАА

Фота: сайт завода "БелДжы"

11 чэрвеня, Позірк. У траўні дылерскія цэнтры прадалі 3.744 новыя аўтамабілі, што ў 2 разы больш, чым за аналагічны перыяд 2023 года, але на 5,6% менш, чым у красавіку, паведамляе Беларуская аўтамабільная асацыяцыя.

Паводле слоў сябра праўлення БАА Сяргея Самойла, травень пацвердзіў некалькі трэндаў, “заканамерных для канца вясны, такіх як спад актыўнасці пакупнікоў і некаторае прасяданне рынку”.

Паводле даных асацыяцыі, гэта “не самы лепшы паказчык” з пункту гледжання сезоннасці (летась, як і ў 2017–2018 гадах, паказчыкі траўня былі вышэй красавіцкіх, у 2019 і 2021 гадах — ніжэйшыя).

“У дадзеным выпадку гэта, хутчэй, прыватная праблема дэфіцыту аўтамабіляў у брэндатрымальнікаў і павялічанай колькасці выходных дзён на працягу месяца”, — лічыць Самойла.

Ён адзначыў працяг зменаў ў структуры рынку: “Праселі класы С і SUV B, разам з тым вырасла доля класа B. Некаторае ажыўленне прыкметна і ў класе лёгкай камерцыйнай тэхнікі”.

Беларускі аўтарынак прадстаўнік БАА падзяліў на тры асноўныя сегменты.

Першы — марка Geely (уключаючы прадукцыю завода “БелДжы”), якая “не першы год дамінуе”. Нягледзячы на тое, што ў 2024 годзе “намецілася памяншэнне долі продажаў брэнда”, зніжэнне стаўкі крэдытавання на седаны “можа змяніць становішча спраў у чэрвені”, падкрэсліў Самойла.

Другі сегмент, паводле яго слоў, складаюць новыя кітайскія брэнды, якія з’яўляюцца з 2022 года.

“Трэці складнік — сегмент традыцыйных брэндаў, доля якіх скарацілася за перыяд 2021–2023 гадоў, але стабілізавалася ў бягучым годзе”, — адзначыў эксперт.

У цэлым, на яго думку, у траўні рынак наблізіўся па ўзроўні продажаў да паказчыкаў 2021 года. Са студзеня па травень продажы склалі амаль 16 тыс. аўтамабіляў, што ў 2,3 разы больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.

Раней асацыяцыя прагназавала, што ў 2024 годзе “рынак дасягне і, магчыма, перавысіць 35.000 рэалізаваных новых аўтамабіляў”.

За 2023 год члены БАА прадалі ў краіне 21.761 легкавы аўтамабіль і 3.647 лёгкіх камерцыйных аўто, паведаміў на прэс-канферэнцыі 30 студзеня дырэктар “БАА-Кансалт” Дзмітрый Ярота. Было рэалізавана 78 мадэляў — на 64 менш (-45,1%), чым у 2022-м (142). Колькасць прадстаўленых марак таксама скарацілася — да 20 (у 2022-м іх налічвалася 28; -28,6%).

Па выніках 2022 года, сведчаць даныя БАА, дылеры прадалі 14.843 легкавыя аўтамабілі. Лідзіравалі Geely (4.355), Lada (3.782) і Kia (1.462).

У 2021 годзе ў Беларусі было прададзена 46.837 легкавых аўтамабіляў, у 2020‑м — 53.537, 2019‑м — 64.504.

Падзяліцца: