Мінск 11:10

У школах уводзяць дні прафарыентацыі для прыцягнення выпускнікоў на інжынерна-тэхнічныя спецыяльнасці

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта

3 кастрычніка, Позірк. У апошнюю суботу кожнага месяца ў школах будуць праводзіць агульны дзень прафесійнай арыентацыі, заявіў 2 кастрычніка ў інтэрв’ю тэлеканалу СТБ міністр адукацыі Андрэй Іванец.

Такім чынам чыноўнік адказаў на пытанне, якія захады робіць Міністэрства адукацыі, каб прыцягнуць выпускнікоў на інжынерныя спецыяльнасці, запатрабаваныя на рынку працы.

“Мяркуецца не проста правядзенне лекцый, аповедаў, заняткаў, прыходу адпаведных прадстаўнікоў не толькі каледжа, універсітэтаў, але і прадстаўнікоў прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі ў школу, выхад нашых дзяцей, школьнікаў на прадпрыемствы, — заявіў ён. — Бо вельмі важна, каб сёння маладыя людзі, якія яшчэ навучаюцца ў школе, змаглі на свае вочы [пабачыць] будучае месца працы, на якое яны могуць прыйсці ў выпадку, калі абяруць менавіта спецыяльнасці інжынерна-тэхнічнага профілю”.

Сёлета, паводле слоў Іванца, упершыню адбудзецца выпуск з інжынерных класаў. Іх выпускнікі маюць прэферэнцыі пры паступленні ва ўніверсітэты.

На пашыраным педсавеце 27 жніўня з удзелам Аляксандра Лукашэнкі міністр паведаміў, што беларускія ВНУ падчас уступнай кампаніі сёлета недабралі 870 студэнтаў, у тым ліку каля 120 — на спецыяльнасці інжынернага профілю.

Лукашэнка пры гэтым задаўся пытаннем, як Беларусь “будзе жыць без інжынераў”, бо “юрысты і гісторыкі ні электрамабілі не створаць, ані атамную станцыю не пабудуюць”.

Адметна, што словы Іванца разыходзяцца з інфармацыяй, якую 7 жніўня на прэс-канферэнцыі паведаміў першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч. Той заяўляў, што ВНУ выканалі план па наборы.

Паводле даных Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, ад 200 да 500 тыс. чалавек пакінула Беларусь пасля падзей жніўня 2020 года. Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека называе меншую лічбу — 100 тыс.

Масавая міграцыя адбіваецца на рынку працы. Дэфіцыт працоўных рук у Беларусі з’яўляецца “доўгачасовым і стратэгічным выклікам як у колькасным, так і ў якасным аспектах”, заявіла ў траўні намеснік міністра эканомікі Таццяна Бранцэвіч. Яна перакананая, што на першым месцы паводле актуальнасці для Беларусі павінна стаяць “задача не прыцягнення новых працоўных рэсурсаў здалёк”, а ўтрыманне сваіх кадраў, а яшчэ лепш — “вяртанне грамадзян, якія мігравалі”.

Падзяліцца: