Мінск 16:44

Літва абвергла дачыненне да “агентурнай дзейнасці” суайчынніцы, асуджанай у Беларусі

Крыніца: pixabay.com

11 чэрвеня, Позірк. Улады Літвы абверглі дачыненне да “агентурнай дзейнасці” Алены Раманаўскене — загадчыцы маркетынгавай службай размешчанага ў Друскінінкаі санаторыя Belorus, паведамляе партал навін Delfi.

Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы назваў выстаўленыя жанчыне абвінавачванні “неабгрунтаванымі інсінуацыямі”.

Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Паўліна Левіцкітэ заявіла, што ведамства “не мае падстаў верыць у абгрунтаванасць абвінавачванняў”. Пры гэтым, паводле яе слоў, Раманаўскене аказваецца “ўся магчымая консульская дапамога”.

Левіцкітэ таксама адзначыла, што інфармацыя пра прысуд па справе ад беларускіх уладаў яшчэ не атрыманая. Яна паўтарыла рэкамендацыі суайчыннікам устрымацца ад наведвання Беларусі праз “актывізацыю апошнім часам варожых і правакацыйных дзеянняў супраць грамадзян Літвы”.

“Грамадзян Літвы могуць затрымліваць незаконна, ім прад’яўляюцца сфабрыкаваныя абвінавачванні, іх дапытваюць беларускія сілавыя структуры“, — сказала прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства.

11 чэрвеня з паведамлення тэлеканала АНТ стала вядома, што Раманаўскене прыгавораная да 6 гадоў пазбаўлення волі.

Справа разглядалася ў закрытым рэжыме. Паводле версіі абвінавачвання, якую пераказала дзяржСМІ, Раманаўскене, а таксама дырэктар санаторыя (без указання імя) больш за 10 гадоў таму былі завербаваныя Дэпартаментам дзяржаўнай бяспекі Літвы.

Сцвярджаецца, што яны “неаднаразова падавалі звесткі пра пастаяльцаў, якія прыбывалі на адпачынак, у тым ліку пра высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў”.

“Таксама супрацоўнікі перадавалі літоўскай спецслужбе розныя дакументы, а дырэктар установы даў падпіску аб сакрэтным супрацоўніцтве з ДДБ і рэгулярна браў хабары. Яго асудзілі на 9 гадоў пазбаўлення волі, ён ужо адбывае пакаранне”, — паведаміў тэлеканал.

На падставе гэтай інфармацыі праваабарончы цэнтр “Вясна” зрабіў выснову, што гаворка пра галоўнага ўрача санаторыя Андрэя Кобеля. Паводле звестак праваабаронцаў, 4 верасня 2023 года Алена Ананіч з Мінскага гарадскога суда прыгаварыла яго да 9 гадоў пазбаўлення волі паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Пра затрыманне Кобеля, які таксама працаваў галоўным урачом санаторыя “Беларусь” у Сочы (РФ), КДБ паведаміў у снежні 2022 года. Мужчыну абвінавацілі ў шпіянажы на карысць Літвы. Працэс па яго справе праходзіў з 16 жніўня 2023 года ў закрытым рэжыме.

Літоўскі партал 15min.lt раней паведамляў, што ў 59-гадовай Раманаўскене, якая нарадзілася ў Мінску, ёсць беларускае грамадзянства.

Летась жанчына была кандыдатам на выбарах у муніцыпальны савет Друскінінкая. У анкеце, апублікаванай выбарчай камісіяй, ёсць яе даныя.

Вышэйзгаданы партал у студзені са спасылкай на міграцыйную службу паведаміў, што галоўнаму ўрачу санаторыя Belorus Іллі Епіфанаву анулявалі від на жыхарства ў Літве, паколькі ён “можа ўяўляць пагрозу нацыянальнай бяспецы”. Мужчына не змог уехаць у краіну напярэдадні Калядаў.

8 кастрычніка 2023 года ў эфіры канала СТВ Епіфанаў заяўляў, што санаторый прыняў “некалькі заездаў” беларускіх грамадзян. Паводле яго слоў, за папярэднія два гады з аздараўленчай установы звольнена каля 200 супрацоўнікаў. “Гэта вельмі значна, балюча”, — казаў ён.

Да 2020 года Belorus належаў Галоўнаму гаспадарчаму ўпраўленню Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. У 2020 годзе праз санкцыі ЕС у дачыненні да ўстановы былі заблакаваныя рахункі друскінінкайскага санаторыя.

Аздараўленчая ўстанова аднавіла працу толькі пасля таго, як з Упраўлення справамі прэзідэнта сышоў уключаны ў санкцыйны спіс Віктар Шэйман. У сярэдзіне чэрвеня 2021 года ўрад Беларусі змяніў заснавальніка санаторыя, перадаўшы яго ў вядзенне Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва.

Падзяліцца: