Мінск 20:23

АПК абвясціў аб пачатку працы беларуска-польскай стратэгічнай платформы

Фота: АПК

12 чэрвеня, Позірк. Першае пасяджэнне беларуска-польскай стратэгічнай платформы прайшло 10–11 чэрвеня з удзелам “шырокага кола прадстаўнікоў беларускіх дэмсіл”, паведамляе прэс-служба Аб’яднанага пераходнага кабінету (АПК).

“Нічога пра нас без нас: важна, каб беларускія пытанні вырашаліся ў Еўропе з удзелам беларусаў і беларускага грамадства. Стварэнне беларуска-польскай стратэгічнай платформы дэманструе падтрымку гэтага падыходу. Польшча з’яўляецца лідарам у выпрацоўцы палітыкі Еўрапейскага саюза ў адносінах да Беларусі”, — падкрэсліў, каментуючы пачатак працы платформы, намеснік кіраўніцы АПК Павел Латушка.

Польшча можа быць “найбольш гучным голасам Беларусі на міжнароднай арэне і найлепшым адвакатам беларускай справы ў свеце”, адзначыла прадстаўніца АПК па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык.

Паводле яе меркавання, “узмацненне гэтага голасу — таксама адна з задач стратэгічнай платформы”. “У Польшчы багата экспертаў, якія выдатна разумеюць сітуацыю ў Беларусі. Але гэты супольны фармат здольны паглыбіць гэтае разуменне і паспрыяць таму, каб польская ўсходняя палітыка стала больш скаардынаванай”, — дадала Коўшык.

Беларуска-польская стратэгічная платформа арганізаваная па ініцыятыве Латушкі і дырэктара Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта Яна Маліцкага. Плануецца, што яна будзе функцыянаваць на пастаяннай аснове.

Платформа створаная для рэгулярнай ацэнкі сітуацыі і выпрацоўкі канкрэтных крокаў супрацоўніцтва дэмсіл Беларусі і польскага боку ў мэтах дэмакратычных змен у Беларусі.

За 2021–2022 гады з Беларусі па розных прычынах выехала больш за 200 тыс. грамадзян, заявіў начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун 18 студзеня.

На пачатак 2024 года колькасць беларусаў, якія пакінулі краіну пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020-га, складала каля 500–600 тыс. чалавек. Да такой высновы ў даследаванні для Цэнтра новых ідэй (ЦНІ) прыйшоў незалежны сацыёлаг, былы дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Генадзь Коршунаў.

У сваім даследаванні ён абапіраўся на даступныя статыстычныя даныя замежных краін.

Паводле падлікаў Коршунава, пасля 2020 года ў Польшчы абгрунтавалася каля 120 тыс. грамадзян Беларусі, у Літве — 50 тыс., у Германіі — 8 тыс., у іншых краінах ЕС — 25 тыс.

Акрамя гэтага, 11 тыс. беларусаў пераехалі ў Грузію, 5 тыс. — у Ізраіль.

Падзяліцца: