Мінск 05:19

Пялетныя вытворчасці так і не акрыялі ад санкцый, заяўляе Лукашэнка

Ілюстрацыйнае фота: БелТА

14 чэрвеня, Позірк. Пялетныя вытворчасці Беларусі “праз вядомыя знешнія абставіны працуюць цяпер ні хістка, ні валка”, а захады, якія робіць урад, выніку не далі, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка 14 чэрвеня на нарадзе з кіраўніцтвам Савета міністраў.

Паводле слоў спікера, якія прыводзіць яго прэс-служба, Беларусь можа вырабляць амаль мільён тон пялетаў на год.

Лукашэнка заявіў пра недастатковыя намаганні з боку “некаторых адказных асоб” па арганізацыі экспартных паставак гэтага віду паліва і па яго выкарыстанні на ўнутраным рынку.

“У нас жа прэзідэнт з’ездзіў, дамовіўся… Будзем газам тапіць, дровы не патрэбныя, пялеты не патрэбныя”, — сказаў ён.

У верасні 2022 года намеснік прэм’ер-міністра Пётр Пархомчык у эфіры тэлеканала АНТ заяўляў, што беларускія прадпрыемствы вырабляюць “вельмі шмат пялетаў, вельмі шмат прадукцыі” дрэваапрацоўкі, якая можа выкарыстоўвацца ў Еўропе. Ён таксама выказаў спадзеў, што знойдуцца прыватныя кампаніі, якія змогуць пастаўляць прадукцыю на еўрапейскі рынак. “Жыццё іх прымусіць проста браць нашу прадукцыю”, — заявіў тады чыноўнік.

Міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік у кастрычніку таго ж года заявіў, што Еўропа замярзае, але адмаўляецца купляць беларускія пялеты.

“Замярзаюць, але не хочуць браць наша паліва, якое знаходзіцца літаральна ад іх, калі браць Польшчу, Прыбалтыку, на адлегласці 100–200 кіламетраў”, — сказаў чыноўнік, не патлумачыўшы, чаму Еўропа, на яго думку, у сярэдзіне восені замярзае.

У красавіку 2023 года беларускі амбасадар у Будапешце Уладзімір Улаховіч заявіў, што ў пытанні дрэваапрацоўкі “венгерскія партнёры з’яўляюцца своеасаблівымі лабістамі для таго, каб хаця б прабіць квоты па пялетах, якія вельмі запатрабаваныя на еўрапейскім рынку”.

Ужо ў верасні таго ж года міністр Кулік канстатаваў, што вытворчасць пялетнай прадукцыі пасля ўвядзення санкцый “працуе на мінімальнай магутнасці”. Сёлета ў сакавіку міністр казаў пра не да канца вырашанае пытанне са збытам пялетаў, аднак дадаваў, што ведамства “знойдзе сваё рашэнне ў хуткім часе”.

Санкцыі Еўрасаюза ў дачыненні да беларускага экспарту, уключаючы дрэваапрацоўку, былі ўведзены 2 сакавіка 2022 года і запрацавалі напоўніцу 4 чэрвеня — да гэтага дня дазвалялася выконваць раней заключаныя кантракты. У 2021 годзе экспартавана драўніны ў ЕС на 3,2 млрд долараў.

8 сакавіка 2022 года Міжнародная рада дырэктараў FSC (Лясная апякунская рада — міжнародная арганізацыя, якая адказвае за выкананне стандартаў у кіраванні лясамі і лесапрадукцыяй) вырашыла прыпыніць сертыфікацыю экспартнай прадукцыі дрэваапрацоўкі і лясной гаспадаркі Беларусі і РФ праз агрэсію супраць Украіны.

Падзяліцца: