Мінск 00:35

Дэмакратычныя краіны павінны аб’яднацца супраць тыраніі, заяўляе Ціханоўская

Архіўнае фота: "Позірк"

15 чэрвеня, Позірк. “Дэмакратычныя краіны павінны аб’яднацца супраць тыраніі”, — такім чынам кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская адрэагавала на заяву па выніках саміту “Вялікай сямёркі” (G7), у якой сярод іншага гаворыцца пра Беларусь.

“Я ўдзячная лідарам G7 за іх рашучае асуджэнне саўдзелу беларускага рэжыму ў вайне Расіі з Украінай і іх заклік да вызвалення палітычных зняволеных. Гэтая глабальная салідарнасць мае вырашальнае значэнне ў нашай барацьбе за свабоду”, — напісала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

Акрамя згаданых ёю момантаў лідары краін “Вялікай сямёркі” таксама выказалі “занепакоенасць працягам рэпрэсій рэжыму ў дачыненні да незалежных СМІ, грамадзянскай супольнасці, апазіцыі і грамадзян, якія мірна выказваюць сваё меркаванне”.

Сёлета ў красавіку Ціханоўская ўдзельнічала ў сустрэчы міністраў замежных спраў краін G7, якая была прысвечана падтрымцы Украіны. У выніковай заяве кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў Беларусь была згаданая ў сувязі з размяшчэннем на яе тэрыторыі ядзернай зброі.

У 2024 годзе Італія старшынствуе ў G7, куды ўваходзяць таксама Вялікабрытанія, Германія, Канада, ЗША, Францыя і Японія.

Падзяліцца: