Мінск 14:37

На пажары ў Віцебскай вобласці загінула 29 цялят

Фота: прэс-служба МНС

17 чэрвеня, Позірк. На пажары ў вёсцы Навінка (Талачынскі раён Віцебскай вобласці) загінула 29 цялят, паведамляе рэгіянальнае ўпраўленне МНС.

Адзначаецца, што “да моманту прыбыцця падраздзяленняў МНС цялятнік быў цалкам ахоплены агнём”.

Усяго за мінулыя суткі на тэрыторыі Беларусі здарылася 17 пажараў. Тры будынкі знішчаныя, адзінаццаць пашкоджаныя.

Выпадак у Талачынскім раёне стаў чарговым здарэннем на аб’ектах аграпрамысловага комплексу, зафіксаваным за апошні час.

У Гомельскай вобласці згарэла два кормаўборачныя камбайны: 22 траўня ў вёсцы Бронніца (Буда-Кашалёўскі раён) — УЭС-2-250А “Палессе”, 7 чэрвеня ў пасёлку Чырвоны Алёс (Добрушскі раён) — КВК-800 “Палессе FS80”.

У Мінскай вобласці зафіксаваныя здарэнні з трактарамі: 15 траўня ў вёсцы Рабінаўка (Уздзенскі раён) праз узгаранне сельгасмашына цалкам прыйшла ў непрыдатнасць, 24 траўня ў вёсцы Мгле (Смалявіцкі раён) агонь знішчыў кабіну, пашкодзіў пярэдняе кола і маторны адсек.

18 траўня на тэрыторыі малочнатаварнага комплексу каля аграгарадка Чарнаручча (Шклоўскі раён Магілёўскай вобласці) у выніку загарання знішчаны пагрузчык “Амкадор 332В”.

Варта адзначыць, што ў Беларусі скарачаецца пагалоўе буйной рагатай жывёлы (БРЖ: каровы, быкі, цяляты ды інш.). На 1 траўня 2024 года ў Беларусі налічвалася 4 млн 92,1 тыс. галоў — на 1,7% менш, чым на тую ж дату 2023-га (-71,8 тыс.), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У параўнанні з 1 траўня 2019 года пагалоўе буйной рагатай жывёлы зменшылася на 171,6 тыс. (-4%).

На канец красавіка 2024-га ў краіне было 1 млн 393, 2 тыс. кароў. У гадавым вымярэнні іх пагалоўе знізілася на 5,6 тыс., або 0,4%, у пяцігадовым — на 37 тыс. (-2,6%).

Падзяліцца: