Мінск 01:52

Дзяржпагранкамітэт: За апошні тыдзень Беларусь без віз наведала 3.739 жыхароў суседніх краін ЕС

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

17 чэрвеня, Позірк. З 11 па 17 чэрвеня Беларусь без віз наведала 3.739 жыхароў суседніх краін Еўрасаюза (з 4 па 10 чэрвеня — 3.421), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз інфармацыі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

За гэты перыяд у краіну прыбыла 1.274 грамадзяніна Літвы (1.136), 1.155 грамадзян і 413 неграмадзян Латвіі (1.080 і 347 адпаведна), 897 грамадзян Польшчы (858).

З 1 студзеня 2024 года бязвізам скарысталася 98.478 жыхароў гэтых краін: 44.658 грамадзян Літвы, 25.024 грамадзяніны і 7.248 неграмадзян Латвіі, а таксама 21.548 грамадзян Польшчы.

Усяго з пачатку дзеяння бязвізавага рэжыму ў Беларусь накіравалася 899.084 прадстаўнікі гэтых дзяржаў: 539.869 грамадзян Літвы, 209.825 грамадзян і 63.363 неграмадзяніны Латвіі, а таксама 86.027 грамадзян Польшчы.

Бязвіз дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — для жыхароў Польшчы. Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў падаўжаў яго тэрмін, апошні раз — да канца 2024 года.

Улады названых суседніх краін неаднаразова заклікалі суайчыннікаў не наведваць Беларусь з меркаванняў бяспекі.

18 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску Шумскас (з беларускага боку — Лоша) і Цвярачус (Відзы), 1 сакавіка 2024-га Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка). На мяжы з Беларуссю працягваюць працаваць два пагранпераходы — Мядзінінкай (Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі).

Пасля вынясення палітычна матываванага выраку журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца).

19 верасня 2023 года праз узрослую плынь нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сілене (Урбаны).

Падзяліцца: