Мінск 12:48

Галоўчанка: З пяці паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця выкананыя чатыры (дапоўнена)

Архіўнае фота: прэс-служба ўрада Казахстана

дададзены абзацы 3–8

17 чэрвеня, Позірк. За студзень — травень з пяці асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця “цалкам выкананыя і перавыкананыя чатыры”, заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка 17 чэрвеня падчас даклада Аляксандру Лукашэнку.

“Валавы ўнутраны прадукт склаўся на ўзроўні 105,2%, інвестыцыі на ўзроўні 109,6%, рэальныя даходы насельніцтва (што вельмі важна) — 109,8% і індэкс спажывецкіх цэн у рамках прагнозу — 2,8%”, — цытуе чыноўніка прэс-служба ўрада.

Паводле слоў Лукашэнкі, як паведамляе яго прэс-служба, сёлета ў эканоміцы “маюцца пэўныя, як заўсёды, фактары, якія насцярожваюць”.

“Але самае галоўнае, я заўважыў у сродках масавай інфармацыі рознага ўзроўню, тое, што ў нас адмоўнае сальда. Хоць невялікае, але складваецца адмоўнае сальда”, — падкрэсліў ён.

Раней Нацыянальны статыстычны камітэт паведамляў, што знешнегандлёвы абарот тавараў у студзені — красавіку склаў 27 млрд 576,7 млн долараў — на 4% больш, чым за аналагічны перыяд 2023-га (26 млрд 525,3 млн).

Экспарт за чатыры месяцы дасягнуў 13 млрд 152,6 млн (12 млрд 725,9 млн; +3,4%), імпарт — 14 млрд 424,1 млн (13 млрд 799,4 млн; +4,5%). Адмоўнае сальда склала 1 млрд 271,5 млн долараў (у студзені — красавіку 2023 года — 1 млрд 73,5 млн).

Лукашэнку таксама цікавіла сітуацыя з плацяжамі. Паводле даных Белстата, дэбіторская запазычанасць (пазыкі прадпрыемству) на 1 траўня вырасла да 71,6 млрд рублёў, у тым ліку пратэрмінаваная — да 10 млрд; крэдыторская — да 83,9 млрд, у тым ліку пратэрмінаваная — 10 млрд.

Сярод іншага Лукашэнка распарадзіўся “мабілізавацца” ў сельскай гаспадарцы: “Надвор’е пакуль стаіць добрае, дай бог, каб далей было так”. “Мы чакаем нядрэнны ўраджай, але яго трэба ўзяць. Няхай у нас будуць лішкі збожжа і гэтак далей. Але ж гэта ніколі не перашкодзіць. Гэта золатавалютны наш запас”, — сцвярджае ён.

2 кастрычніка 2023 года Лукашэнка зацвердзіў важнейшыя прагнозныя (дэ-факта планавыя) параметры развіцця краіны на 2024 год.

Згодна з указамі № 307 і 308, прырост ВУП павінен скласці 3,8%, інвестыцый у асноўны капітал — 3,9%, экспарту тавараў і паслуг — 7,6%, рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва — 3,5%, рэальнага заробку — 3,9%.

Намінальны сярэднямесячны заробак павінен узрасці да 2.087 рублёў (у лістападзе 2023 года складаў 1.975,6 рубля), у бюджэтным сектары — да 1.634; інфляцыя — не перавысіць 6%, міжнародныя рэзервовыя актывы — быць не ніжэй за 6 млрд долараў (на 1 студзеня складаюць 8 млрд 127,4 млн).

Падзяліцца: