Мінск 04:36

Razam: Не больш за 40 з тысячы беларусаў атрымалі міжнародную абарону ў Германіі

Сустаршыня "РАЗАМ e.V." Марыя Рудзь
Фота: "Позірк"

18 чэрвеня, Позірк. Беларусы, якія зведвалі палітычны пераслед на радзіме, сустракаюць у Германіі “высокі бюракратычны бар’ер”, таму актывісты радзей пераязджаюць у гэтую краіну ў параўнанні з Украінай, Грузіяй, Польшчай і Літвой. Пра гэта заявіла падчас падсумоўвання вынікаў праекта VisiBYlity “На новых берагах: праблемы беларускіх мігрантаў у Еўропе” сустаршыня згуртавання беларусаў Германіі “РАЗАМ e.V.” (RAZAM e.V.) Марыя Рудзь 17 чэрвеня ў Берліне.

Паводле яе слоў, у палітычных уцекачоў ёсць магчымасць атрымаць у Германіі гуманітарную візу.

“Мы ведаем, што 300 беларусаў і беларусак атрымалі такую візу, — сказала актывістка. — Для гэтага патрэбныя вельмі сур’ёзныя доказы таго, што чалавека пераследуюць на радзіме. Звесткі аб ператрусах, адміністрацыйныя і крымінальныя пратаколы. ⟨…⟩ Персона павінна знаходзіцца не ў Германіі і не ў Еўрасаюзе”.

Інакш, з яе слоў, выглядае сітуацыя з атрыманнем міжнароднай абароны ў Германіі: “Каб яе атрымаць, была пададзеная тысяча запытаў ад беларусаў, і ў выніку атрымана не больш за 40 станоўчых адказаў”.

“Гэта доўгі працэс, які мае нізкі працэнт пазітыўных адказаў. Чалавек павінен знаходзіцца ў Германіі, абавязаны жыць у лагеры для бежанцаў, а таксама павінны быць дакументы, якія даказваюць рэальную небяспеку знаходжання чалавека ў Беларусі”, — падкрэсліла Рудзь.

“Для нямецкіх устаноў няма агульнага рашэння па беларусах. Кожны асобны выпадак правяраецца, ці ёсць канкрэтныя факты пераследу па кожнаму чалавеку”, — сказала яна.

Гаворачы аб немагчымасці для беларусаў за мяжой абмяняць нацыянальныя пашпарты, Рудзь адзначыла, што ў Германіі пражывае каля 30 тыс. беларусаў, а гэта значыць, што ў бліжэйшы час праблема пашпартоў закране ўсіх гэтых людзей”. Паводле яе слоў, можна звярнуцца па пашпарт замежніка, з якім можна легальна знаходзіцца ў краіне, вучыцца, працаваць і часткова падарожнічаць.

“Мы звярнулі ўвагу на той факт, што ведамствы не інфармаваныя аб сітуацыі з беларусамі, — адзначыла актывістка. — У выніку лакальным міністэрствам і ўпраўленням у справах замежнікаў была разасланая даведка з інфармацыяй аб тым, што консульскія пытанні не могуць быць развязаныя за мяжой Беларусі, і гэта палепшыла сітуацыю з выдачай пашпартоў замежніка”.

Паводле слоў Рудзь, многія атрымалі пашпарт замежніка, але арганізацыі вядомыя прыклады, калі ўладальнікі гуманітарнай візы атрымлівалі адмову: “Ім казалі, што яны могуць паехаць у Беларусь і памяняць пашпарт там”.

“У нас вялікі спектр праблем, з якімі мы працуем з 2020 года, каб рабіць палітычную адвакацыю. У выпадках, калі не было поспеху з пашпартамі замежнікаў, мы імкнемся пісаць лісты і даем інфармацыю, што гэта сябры нашага аб’яднання, супрацьстаяць рэжыму Лукашэнкі, і імкнемся дамагчыся пазітыўных вынікаў”, — адзначыла прадстаўніца арганізацыі.

Як заявіла Рудзь, паездкі ў Беларусь патэнцыйна небяспечныя і для тых, хто жыве ў Германіі даўно. “Мы не дакументуем такія сітуацыі, але звяртаемся па статыстыку іншых арганізацый, напрыклад праваабарончага цэнтра “Вясна”, — сказала яна.

Актывістка адзначыла, што Razam “не ў сілах ахапіць усе катэгорыі беларусаў за мяжой” і, магчыма, “патрэбны нейкі альянс паміж незалежнымі СМІ, экспертамі і праваабаронцамі, каб “павысіць бачнасць беларускіх актывістаў”.

“Ёсць шмат прыкладаў, якія не трапляюць у фокус праваабаронцаў, таму што з розных прычын людзі імкнуцца не афішаваць свае выпадкі. На кожным такім выпадку трэба факусаваць увагу незалежных СМІ і далей дзейнічаць па ланцужку”, — лічыць Рудзь.

Падзяліцца: