Мінск 00:20

Каардынацыйная рада заклікала ЕС абараніць рэжысёра Гнёта ад выдачы Беларусі

Фота: старонка Гнёта ў "Інстаграме"

18 чэрвеня, Позірк. Заклік да Еўрапейскага парламента звярнуцца да ўладаў і грамадскасці Сербіі, “выкарыстоўваючы ўсе інструменты дыпламатыі і дзяржаўных адносін”, каб прадухіліць экстрадыцыю рэжысёра Андрэя Гнёта ў Беларусь, утрымліваецца ў дэкларацыі, прынятай Каардынацыйнай радай (КР).

У дакуменце, апублікаваным у тэлеграм-канале КР, адначана, што на радзіме беларус “непазбежна сутыкнецца з катаваннямі і бесчалавечным абыходжаннем, якія пагражаюць яго жыццю і здароўю за яго палітычныя погляды”.

Палітычная структура таксама заклікала дзяржаны — члены Еўрасаюза і міжнародную супольнасць “абараняць інтарэсы і бяспеку Андрэя Гнёта з выкарыстаннем усіх даступных рэсурсаў”.

КР нагадала пра “шырокія парушэнні правоў чалавека” і рэпрэсіўную дзяржаўную палітыку, якую праводзіць рэжым Аляксандра Лукашэнкі “супраць апазіцыйна настроеных беларусаў”, пра палітзняволеных.

Дэкларацыя прынятая на падставе таго, што КР аддае прыярытэт “абароне асоб, якія падвергліся незаконнаму пераследу з боку ўладаў Лукашэнкі па-за межамі Беларусі”, і выкарыстоўвае “ўсе даступныя інструменты” для прыцягнення да адказнасці тых, хто здзяйсняе “злачынствы супраць чалавечнасці ў Беларусі”.

41-гадовы Гнёт – рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, журналіст і сузаснавальнік аб’яднання SOS.by, якое ў Беларусі прызнана “экстрэмісцкім фарміраваннем”. Працаваў з вядомымі брэндамі, сярод якіх МТС, Mark Formelle, “Бульбашъ”, “Аліварыя”, “Спартак”, “Беллакт”, World of Tanks.

Быў затрыманы 30 кастрычніка 2023 года памежнай службай Сербіі пасля прылёту ў Бялград, пасля чаго перададзены паліцыі. Прычына затрымання — знаходжанне ў міжнародным вышуку на запыт беларускага бюро Інтэрпола ад 21 верасня 2023 года. Ведамства прасіла экстрадаваць Гнёта ў Беларусь для крымінальнага пераследу.

Мінск сцвярджае, што справа носіць эканамічны характар, абарона Гнёта настойвае на тым, што яго пераследуюць з палітычных матываў.

Увесну актывіста ўжо было вырашана выдаць Беларусі, але рашэнне ўдалося паспяхова абскардзіць, справу адправілі на перагляд.

31 траўня Вышэйшы суд у Бялградзе зноў пастанавіў, што патрабаванне выдаць Гнёта Беларусі законнае. 18 чэрвеня пададзена апеляцыя.

За Гнёта заступіліся дэмакратычныя сілы, прадстаўнікі дыяспар, беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, Еўрасаюз, сітуацыя з ім абмяркоўвалася з уладамі ЗША.

Падзяліцца: