Мінск 18:08

На мяжы з Польшчай мытня канфіскавала ў беларуса кнігу XVII стагоддзя коштам 26 тыс. рублёў

Фота: ДМК

27 лістапада, Позірк. Кніга XVII стагоддзя, прызнаная культурнай каштоўнасцю, выяўленая ў аўтамабілі грамадзяніна Беларусі, які рухаўся праз пункт пропуску Брэст (з польскага боку — Цярэспаль), паведаміў 27 лістапада Дзяржаўны мытны камітэт (ДМК).

Мужчына, як адзначаецца, абраў для перасячэння мяжы зялёны калідор, заявіўшы тым самым аб адсутнасці ў яго тавараў, якія падлягаюць мытнаму дэклараванню.

Аднак, заяўляе ДМК, “кніга на нямецкай мове ў белай вокладцы”, якая знаходзілася ў салоне аўтамабіля, выклікала падазрэнне ў мытнага інспектара. Кіроўца патлумачыў, што перавозіў яе “на просьбу незнаёмай асобы”, гаворыцца ў паведамленні.

Кошт кнігі, паводле ацэнкі ДМК, складае каля 26 тыс. Да рашэння суда яна канфіскаваная.

Пачаты адміністрацыйны працэс паводле ч. 2 арт. 15.1 КаАП (перамяшчэнне тавараў праз мытную мяжу з утойваннем ад мытнага кантролю альбо спроба такога перамяшчэння). Санкцыя артыкула прадугледжвае штраф да 30 базавых велічынь з магчымай канфіскацыяй тавараў і транспартнага сродку.

Увозіў мужчына кнігу ў Беларусь або вывозіў з краіны, ДМК не ўдакладняе.

Падзяліцца: