Мінск 16:05

У Пінску ўрача абвінавачваюць у “садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці”

Фота: Генпракуратура

27 лістапада, Позірк. У Пінску (Брэсцкая вобласць) у дачыненні да 48-гадовай былой супрацоўніцы ўстановы аховы здароўя распачатая крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 3614 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), паведамляе Генеральная пракуратура.

Жанчыну абвінавачваюць у перадачы інфармацыі ў чат-бот тэлеграм-канала, прызнанага “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Паводле абвінавачання, у кастрычніку 2026 года яна дзялілася з каналам інфармацыяй аб дзейнасці медустановы, у якой раней працавала ўрачом.

Пасля 2020 года з рэпрэсіямі ў Беларусі сутыкнуліся ў тым ліку медыкі. Многія з іх актыўна ўдзельнічалі ў пратэстах, выступаючы супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і гвалту. Кіраўніцтва бальніц звальняла нелаяльных супрацоўнікаў, хоць сярод іх былі прадстаўнікі ўнікальных для Беларусі спецыялізацый.

З 2020 года рэпрэсавана не менш за 300 медыкаў, больш за 50 медработніка прызнаныя або прызнаваліся палітычнымі зняволенымі. Многія былі вымушаныя пакінуць Беларусь.

Падзяліцца: