Мінск 22:00

У Варшаве афіцыйна адкрыты офіс Святланы Ціханоўскай

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

26 лістапада, Позірк. У Варшаве 26 лістапада адбылося афіцыйнае адкрыццё офіса беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай. Разам з мэрам польскай сталіцы Рафалам Тшаскоўскім яна перарэзала чырвоную стужку.

Як паведамляе прэс-служба Ціханоўскай, пляцоўка працуе па адрасе пл. Канстытуцыі, 6 (цэнтр горада, раён Сродмесце)*.

На мерапрыемстве, мяркуючы па прывітальным слове Ціханоўскай, прысутнічалі прадстаўнікі польскага ўрада, Міністэрства замежных спраў, Сейма, Сената, канцылярыі прэзідэнта, дыпламатычнага корпуса, былыя амбасадары Польшчы ў Беларусі, дзеячы польскага руху “Салідарнасць”, журналісты і эксперты.

Палітык заявіла, што новы офіс стане “цэнтрам беларускага дэмакратычнага руху і ўрада ў выгнанні”: “За апошнія шэсць гадоў мы пабудавалі нешта ўнікальнае: дэмакратычныя інстытуты, якія прадстаўляюць беларускі народ. Мы паказалі, што Беларусь — гэта не рэжым. І Беларусь — гэта не Расія”.

Паводле яе, дзейнасць офіса будзе накіраваная на “аб’яднанне дэмакратычных сіл, умацаванне іх інстытутаў, узаемадзеянне з міжнароднымі партнёрамі, падрыхтоўку рэформаў, навучанне будучых лідараў і наданне дапамогі беларусам па абодва бакі мяжы”.

Ціханоўская падзякавала ўладам Польшчы і асабіста мэру Варшавы за падтрымку беларусаў, адзначыўшы сімвалічнае значэнне прадстаўленага памяшкання. “Калісьці тут выступаў [вядомы польскі бард] Яцэк Качмарскі. Яго песня “Mury” (“Сцены”) пазней стала гімнам нашай уласнай рэвалюцыі ў 2020 годзе”.

Дэмакратычны лідар звярнула ўвагу на ўнёсак беларусаў у эканоміку краіны, якая іх прымае. Паводле прыведзеных ёю даных, толькі ў 2024 годзе польскія кампаніі з беларускімі каранямі атрымалі даход у памеры амаль 20 млрд злотых (амаль 6 млрд долараў на сёння): “Гэта паказвае, што беларусы не проста просяць аб дапамозе. Мы таксама робім унёсак у развіццё Польшчы і Еўрапейскага саюза”.

Спікер заклікала “захоўваць адзінства, працягваць ціск на рэжым [Аляксандра] Лукашэнкі і падтрымліваць беларускі народ”.

“Вядома, сёння многае залежыць ад Украіны. Калі Украіна будзе моцнай, а Расія аслабленай, гэта адкрые акно магчымасцяў і для Беларусі”, — дадала палітык, згадаўшы, што напярэдадні беларускія дэмсілы далучыліся да польскай кампаніі “Цяпло для Украіны” па зборы сродкаў для аказання дапамогі гэтай краіне напярэдадні зімы.

Пры офісе будзе дзейнічаць грамадская прастора, дзе беларускія арганізацыі, ініцыятывы і асобныя грамадзяне змогуць праводзіць мерапрыемствы, сустракацца і рэалізоўваць сумесныя праекты. Яе адкрыццё таксама запланаванае на 26 лістапада.

Ціханоўская, якая больш за пяць гадоў пражыла ў Літве пасля вымушанага ад’езду з Беларусі ў жніўні 2020 года, пераехала ў Польшчу на пачатку лютага 2026-га. Адным з фактараў прыняцця такога рашэння стала зніжэнне літоўскімі ўладамі ўзроўню яе фізічнай аховы ў кастрычніку 2025 года.

Пра пачатак працы Ціханоўскай у Варшаве было абвешчана 6 лютага. Пры гэтым яе офіс у Вільнюсе працягнуў дзейнасць, захаваўшы дыпламатычную акрэдытацыю (узначальвае дарадца Дзяніс Кучынскі).

У інтэрв’ю “Позірку” ў сакавіку палітык адзначыла, што Польшча забяспечыла ёй ранейшы ўзровень аховы, а таксама ўказала на пашырэнне магчымасцяў узаемадзеяння з беларускімі арганізацыямі.

* У памяшканні былой кавярні “Niespodzianka” (“Сюрпрыз”) у 1989 годзе размяшчаўся перадвыбарны штаб Варшаўскага грамадзянскага камітэта руху “Салідарнасць”. У 2019 годзе на будынку была ўстаноўленая мемарыяльная шыльда.

Ад лістапада 2021 года тут працаваў Беларускі моладзевы хаб (БМХ). У жніўні 2023-га, як паведамляў “Позірк”, ранейшае кіраўніцтва арганізацыі заявіла пра яе “рэйдарскі захоп”. БМХ узначаліў былы кіраўнік парамілітарнай арганізацыі “Белы легіён” Сяргей Бульба (Чыслаў), які сцвярджаў, што змена кіраўніцтва адбылася ў адпаведнасці з польскім заканадаўствам.

Ранейшая каманда БМХ на чале з Аляксандрам Лапко і Станіславай Гліннік заснавала новую арганізацыю. У кастрычніку таго ж года пры ўдзеле Ціханоўскай адбылося адкрыццё хаба ў іншым памяшканні ў польскай сталіцы. На месцы старой прасторы пачала працаваць пляцоўка “Робім разам” пад кіраўніцтвам Бульбы.

Улады Варшавы пасля адмовіліся працягваць з яе кіраўніцтвам дамову арэнды памяшкання. У ліпені 2025 года польская Рада па грамадска карыснай дзейнасці рэкамендавала ўрэгуляваць спрэчку паміж гарадскімі ўладамі і арганізацыяй Бульбы на ўмовах пагашэння асноўнай запазычанасці за карыстанне памяшканнем і спісання працэнтаў за пратэрміноўку плацяжоў.

29 жніўня мінулага года памяшканне было прымусова вызваленае паводле рашэння суда. Паводле інфармацыі “Радыё Свабода”, запазычанасць за арэнду і іншыя плацяжы, згодна з абнародаванымі ў кастрычніку таго ж года звесткамі варшаўскіх уладаў, складала ў эквіваленце каля 23 тыс. долараў.

Падзяліцца: