Мінск 22:00

Намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі параўнаў праўладную ідэалогію з гатоўнасцю загінуць на вайне

Фота: прэс-служба Мінабароны

26 лістапада, Позірк. Інфармацыйны складнік уплывае на характар ваенных канфліктаў, “трансфармуючы іх ад класічных баявых дзеянняў да асіметрычных, нізказатратных інструментаў уздзеяння”, заявіў міністр абароны Віктар Хрэнін на “зборы з афіцэрамі ідэалагічнай структуры” Узброеных сіл 26 лістапада ў Мінску.

“Мэтавыя хакерскія атакі, арміі ботаў і генерацыя фэйкаў абыходзяцца непараўнальна танней за дарагое ўзбраенне, але пры гэтым могуць нанесці не меншы ўрон, чым прамая ваенная агрэсія”, — цытуе яго прэс-служба ведамства.

Сітуацыя, якая складваецца, паводле сцвярджэння чыноўніка, “прымушае знаходзіцца ў пэўным напружанні, патрабуе згуртаванасці <…> калектываў”.

Ваенныя ідэолагі павінны “вельмі выразна разбірацца ў абстаноўцы, чалавечых душах, сэрцах і розумах”, умець “захапляць іх, тлумачыць асаблівасці той абстаноўкі, якая складваецца, каб гэтым не заняліся іншыя”, сказаў Хрэнін і заклікаў “умацоўваць духоўна-маральныя каштоўнасці ў вайскоўцаў”.

Першы намкіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Уладзімір Пярцоў у чарговы раз заявіў пра “інфармацыйную вайну”, якая нібыта вядзецца супраць Беларусі.

“Мне блізкі падыход да вызначэння ідэалогіі, які сфарміраваны ў ваенны час: ідэалогія — гэта ператварэнне ведаў у перакананні, а перакананняў — у дзеянне <…>. Устаць у атаку, пад кулі для таго, каб выратаваць цаной свайго жыцця <…> аднапалчан і забяспечыць наступ. Вось гэта ідэалогія”, — дадаў ён.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. 

Падзяліцца: