Мінск 16:31

Праз Беларусь у рамках найбуйнейшай з 2022 года акцыі па ўз’яднанні сем’яў вярнулася 43 чалавекі — СМІ

27 лістапада, Позірк. У рамках чарговай гуманітарнай акцыі ўз’яднання сем’яў 27 лістапада праз тэрыторыю Беларусі ў Расію вярнулася 23 чалавекі, ва Украіну — 20, паведаміў тэлеканал “Першы інфармацыйны”.

Пераход адбыўся на беларуска-ўкраінскай мяжы паміж пунктамі пропуску Новая Гута (Гомельская вобласць) і Новыя Ярылавічы (Чарнігаўская вобласць).

Большасць удзельнікаў гуманітарнай акцыі — пажылыя і маламабільныя грамадзяне, якія пасля пачатку вайны не маглі самастойна дабрацца да сваякоў і мелі патрэбу ў пастаянным доглядзе.

На мяжы грамадзян агледзелі медыкі, пры неабходнасці ім аказалі першую дапамогу. Беларускі бок забяспечыў удзельнікаў акцыі харчаваннем.

Паводле слоў кіраўніка місіі Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа (МКЧК) у Беларусі Рут Хетэрынгтан, арганізацыя ва ўзаемадзеянні з дзяржаўнымі органамі садзейнічае бяспечнаму перамяшчэнню грамадзянскіх асоб праз мяжу ў абодвух напрамках.

З 2022 года ў рамках праграмы па ўз’яднанні сем’яў МКЧК аказаў садзейнічанне больш чым 2 тыс. чалавек, адзначыла Хетэрынгтан. Паводле яе слоў, аперацыя 27 лістапада стала найбуйнейшай за гэты перыяд.

Паводле інфармацыі тэлеканала, з пачатку вайны на тэрыторыі Беларусі адбылося больш за 70 гуманітарных місій і абменаў.

17 лістапада ўпаўнаважаная ў правах чалавека РФ Яна Лантратава на Міжнародным форуме амбудсменаў заявіла, што з траўня 2026 года ўдалося ўз’яднаць 20 расійскіх і ўкраінскіх сем’яў.

23 кастрычніка ў рамках аналагічнай гуманітарнай акцыі на беларуска-ўкраінскай мяжы ва Украіну і Расію вярнулася па сем грамадзянскіх асоб, паведаміў упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека Дзмітрый Лубінец.

17 верасня праз тэрыторыю Беларусі ва Украіну вярнулася 15 чалавек, у Расію — тры. 13 жніўня ў рамках аналагічнай гуманітарнай акцыі ў пункце пропуску Новая Гута ў Расію адправілася восем чалавек, ва Украіну — сем. 27 чэрвеня ў выніку двухдзённых перамоваў Лубінца і Лантратавай на тэрыторыі Беларусі ва Украіну і Расію вярнулася па сем грамадзянскіх асобаў.

23 чэрвеня 2025 года старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі Іван Церцель заяўляў, што за перыяд з верасня 2022 года на беларускай тэрыторыі было праведзена 38 гуманітарных аперацый паміж Расіяй і Украінай, у тым ліку па вяртанні дзяцей і ўз’яднанні сем’яў.

Сёлета 26 лістапада ў пункце пропуску Новая Гута адбыўся чарговы абмен целамі загінулых паміж Расеяй і Украінай. Украінскаму боку было перададзена 250 целаў, расійскаму — 22. Гэта дзясяты з пачатку года падобны абмен, восем з іх прайшло на тэрыторыі Беларусі.

Апошні абмен расійскімі і ўкраінскімі ваеннапалоннымі адбыўся там жа 23 кастрычніка. Паводле інфармацыі беларускіх дзяржСМІ, бакі перадалі адзін аднаму па 270 чалавек. Гэта адзінаццаты з пачатку 2026 года абмен палоннымі з выкарыстаннем беларускай тэрыторыі.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны, але намагаецца выставіць сябе міратворцам.

Падзяліцца: