Мінск 13:02

СМІ: У порце Санкт-Пецярбурга прыпынена перавалка беларускіх калійных угнаенняў

Фота: Міхаіл Агнеў / "Фантанка"

19 чэрвеня, Позірк. Стывідорная кампанія “Балтыйскі суднамеханічны завод” (БСМЗ) у порце Санкт-Пецярбурга прыпыніла перавалку калійных угнаенняў па кантракце з “Беларуськаліем”, піша “Фантанка”.

Прычынай стала нязгода беларускага прадпрыемства з цаной перавалкі. Цяпер вядуцца перамовы, “у агляднай будучыні”, адзначае расійскае медыя са спасылкай на БСМЗ, працэс будзе адноўлены.

Асноўнымі акцыянерамі БСМЗ з’яўляюцца трое бізнесменаў — Ілья Трабер (24,61% акцый), Ігар Палтарак (23,68%) і Марына Даніленка (23,7%).

Аперацыі з прадукцыяй “Беларуськалія” праз тэрмінал завода пачаліся напрыканцы 2022 года. За 2023-ы БСМЗ перагрузіў каля 2 млн тон беларускіх угнаенняў.

ААТ “Беларуськалій” знаходзіцца пад санкцыямі ЕС з 2022 года. Праз іх уплыў нарвежскі пастаўшчык калія Yara — адзін з найбуйнейшых у Еўропе пакупнікоў беларускіх угнаенняў — абвясціў пра спыненне супрацы з “Беларуськаліем”.

1 лютага 2022 года спыніўся экспарт калійных угнаенняў праз літоўскі порт у Клайпедзе.

2 сакавіка 2023 года міністр транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка (цяпер нябожчык) заявіў, што беларускія ўлады маюць намер “найбліжэйшым часам” набыць тэрмінал Бронка ў Вялікім порце Санкт-Пецярбурга.

Чыноўнік адзначыў, што Бронка з’яўляецца “базавым тэрміналам” для перавалкі беларускіх грузаў.

25 красавіка таго ж года падчас штогадовай справаздачы перад дэпутатамі Мурманскай абласной думы губернатар рэгіёну Андрэй Чыбіс паведаміў, што ў траўні будзе прынятае рашэнне пра месца будаўніцтва ў Мурманску порта для перавалкі беларускіх мінеральных угнаенняў. 25 траўня прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка наведаў меркаваныя месцы размяшчэння порта. “Месцы выдатныя. У прынцыпе, можна пачынаць будаваць. Засталося пару спрэчных пытанняў вырашыць, тэрыторыю перадаць”, — сказаў ён.

Напрыканцы чэрвеня амбасадар Беларусі ў РФ Дзмітрый Круты заявіў у інтэрв’ю “РИА Новости”, што Беларусі “патрэбны тэрміналы для экспарту таго ж калію або нафтапрадуктаў, як базавых нашых грузаў”, і тут “маецца некалькі варыянтаў: выкарыстоўваць парты ад Санкт-Пецярбурга да Мурманска”.

Неабходна “канчаткова вызначыцца” з фарматам стварэння партовых магутнасцей па перавалцы беларускіх грузаў — “будаваць тэрмінал, порт або мадэрнізаваць які-небудзь існы” і “неадкладна пачаць працу”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 18 ліпеня на профільнай нарадзе ў Мінску.

Пра тое, што беларуская кампанія “Марскі тэрмінал “Вароты Арктыкі” пабудуе ў Мурманску да 2028 года вялікі порт для перавалкі айчынных грузаў, стала вядома 22 красавіка 2024 года. Мяркуецца, што аб’ёмы перавалкі складуць да 25–30 млн тон на год.

Падзяліцца: