Мінск 03:15

Палітвязнямі прызнана яшчэ 15 чалавек, уключаючы грамадзян Польшчы і Літвы

Крыніца: "Вясна"

19 чэрвеня, Позірк. Праваабарончая супольнасць 19 чэрвеня прызнала палітычнымі зняволенымі яшчэ 15 чалавек, паведамляе “Вясна”.

Статус палітвязня атрымаў грамадзянін Польшчы Томаш Бяроза, прыгавораны да пазбаўлення волі (тэрмін невядомы) у закрытым судовым пасяджэнні паводле арт. 358 (шпіянаж) і 3581 (агентурная дзейнасць) Крымінальнага кодэкса.

Палітзняволенай прызнаная загадчыца маркетынгавай службай размешчанага ў літоўскім Друскінінкаі санаторыя Belorus Алена Раманаўскене, грамадзянка Літвы і Беларусі, прыгавораная ў закрытым працэсе да 6 гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 3581 КК.

Таксама палітвязнямі сталі грамадзяне Беларусі, прыгавораныя да пазбаўлення волі:

Аляксей Навагродскі — тэрмін невядомы, ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве);

Яўген Гурыновіч — тэрмін невядомы, арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім), арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы), арт. 356, арт. 352 (неправамернае завалоданне камп’ютарнай інфармацыяй), арт. 2031 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных), арт. 3614 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) КК;

Яўген Блахінскі — 7 гадоў, ч. 1 арт. 293 (масавыя беспарадкі), арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), арт. 368 (абраза прэзідэнта), арт. 130 КК;

Андрэй Кобель — 9 гадоў, ч. 1 арт. 356 КК;

Дзяніс Жалезка — тэрмін невядомы, ч. 1 арт. 130, арт. 188 (паклёп), ч. 3 арт. 2031, ч. 1 арт. 342, ч. 1 і ч. 2 арт. 3614, ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта), ч. 1 арт. 368, арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 3691 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) КК;

Анатоль Кірэйчык — 3,5 года, арт. 188, арт. 369, арт. 391 (абраза суддзі альбо народнага засядацеля), ч. 2 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) КК;

Артур Радзівановіч — 2,5 года, ч. 1 арт. 13 (падрыхтоўка да злачынства), ч. 1 арт. 3613 (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка альбо падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу) КК;

Андрэй Шулганаў — 2,5 года, арт. 368, арт. 130 КК;

Ягор Ібрагімаў — тэрмін невядомы, арт. 364 (гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), арт. 342 КК;

Дзмітрый Кушалевіч — тэрмін невядомы, ч. 1 арт. 366 (гвалт альбо пагроза гвалтам у дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак), ч. 2 арт. 367, ч. 2 арт. 368 КК.

Таксама палітвязнямі прызнаныя ўзятыя пад варту Эдуард Кашацян, Уладзімір Алісіевіч і Андрэй Валахановіч, абвінавачаныя паводле ч. 3 арт. 130, арт. 3691, ч. 3 арт. 1301 (рэабілітацыя нацызму), ч. 1 арт. 342, ч. 1 арт. 368 КК.

У заяве праваабаронцаў, у ліку іншага, падкрэсліваецца, што “характар дзеянняў абвінавачаных быў следствам сістэматычных, шырока распаўсюджаных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяр жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона для абароны парушаных правоў грамадзян, адсутнасцю справядлівага суда і ўмоў для дэмакратычнай і канстытуцыйнай змены ўлады на сапраўдных выбарах”.

Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць усіх палітвязняў і спыніць рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Акрамя “Вясны”, заяву падпісалі Офіс па правах людзей з інваліднасцю, Беларускі ПЭН і “Прававая ініцыятыва”.

Цяпер у Беларусі 1.411 чалавек, якіх праваабарончая супольнасць прызнае палітвязнямі. Рэальная колькасць людзей, якія падвергліся рэпрэсіям у той ці іншай форме, значна большая.

Падзяліцца: