Мінск 18:11

Арменіі не будзе на пасяджэнні Саўміна замежных спраў АДКБ

Крыніца: pixabay.com

19 чэрвеня, Позірк. Міністр замежных спраў Арменіі Арарат Мірзаян не будзе ўдзельнічаць у пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў дзяржаў — членаў АДКБ, якое пройдзе 21 чэрвеня ў Алматы (Казахстан).

Пра гэта 19 чэрвеня паведаміла інфармагенцтва “Арменпрэс” са спасылкай на прэс-службу армянскага знешнепалітычнага ведамства.

Плануецца, што на пасяджэнні кіраўнікі МЗС краін АДКБ абмяркуюць “міжнароднае развіццё, сітуацыю ў рэгіёне, механізмы ўзмацнення каардынацыі ў сферы знешняй палітыкі”, а таксама падвядуць вынікі “шматпланавага супрацоўніцтва” ў рамках арганізацыі.

Чакаецца, што Саўмін “ухваліць шэраг праектаў рашэнняў”, якія будуць вынесеныя на зацвярджэнне “падчас чарговай сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ, якая адбудзецца 28 лістапада бягучага года”.

12 чэрвеня, выступаючы перад парламентам, прэм’ер-міністр Нікол Пашынян заявіў аб магчымым выхадзе Арменіі з АДКБ. Паводле яго слоў, тэрміны выхаду яшчэ не вызначаныя.

Падчас выступу, палітык абвінаваціў альянс у тым, што яго асобныя краіны “планавалі вайну” супраць Арменіі з Азербайджанам.

У адказ на гэта адзін з апазіцыйных дэпутатаў зрабіў заўвагу: “Выйдзіце тады з гэтага саюза”. “Мы выйдзем, вы мяне гэтым палохаеце? У нас усё добра, мы вырашым, калі сыдзем. Як вы думаеце, які наступны крок, ці можам мы вярнуцца назад? Не турбуйцеся”, — адказаў Пашынян.

Пазней Мірзаян, каментуючы выказванні кіраўніка ўрада, назваў памылковым сцвярджэнне, што краіна выходзіць з АДКБ. “Прэм’ер-міністр заявіў, што мы вырашым, калі выйдзем, але назад не вернемся. Калі хтосьці сцвярджае, што прэм’ер-міністр Арменіі заявіў, што Арменія выходзіць з АДКБ, то памыляецца”, — сказаў чыноўнік.

23 лютага ў інтэрв’ю тэлеканалу France 24 Пашынян заявіў, што Арменія замарозіла ўдзел у АДКБ. “Дамова аб калектыўнай бяспецы, на нашу думку, не была выкананая ў дачыненні да Арменіі, асабліва ў 2021–2022 гадах [падчас канфлікту з Азербайджанам]. Гэта не магло застацца без нашай увагі”, — сказаў Пашынян.

22 траўня армянскі прэм’ер заявіў у парламенце: “У падрыхтоўцы 44-дзённай вайны 2020 года ўдзельнічалі не з нашага боку нашы саюзнікі. Я ведаю як мінімум дзве краіны — члены АДКБ, якія ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы вайны супраць нас. Гэтыя краіны, магчыма, стваралі імітацыю дапамогі нам”. Паводле яго слоў, вайна з Азербайджанам была “не праз Нагорны Карабах”, а “пра тое, каб Арменія нічога з сябе не ўяўляла”, яе мэтай было “спыненне існавання Арменіі”.

Кіраўнік армянскага ўрада не ўдакладніў, якія краіны мае на ўвазе, але мімаходзь згадаў у сваёй прамове Аляксандра Лукашэнку.

44-дзённай вайной Ерэван называе ваенныя дзеянні Азербайджана супраць Арменіі і самаабвешчанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі (НКР) восенню 2020 года. Тады канфлікт быў спынены пры пасярэдніцтве Расіі. Праз тры гады Баку правёў у Нагорным Карабаху “антытэрарыстычныя мерапрыемствы лакальнага характару”, у выніку якіх рэгіён цалкам перайшоў пад яго кантроль, а НКР спыніла існаванне.

Лукашэнка разлічвае на “працяг канструктыўнага дыялогу” з Арменіяй па “шырокім спектры пытанняў як у двухбаковым фармаце, так і на міжнародных і інтэграцыйных пляцоўках”. Свае чаканні ён пазначыў 1 чэрвеня, віншуючы армянскага прэм’ер-міністра Нікола Пашыняна з 49-годдзем.

13 чэрвеня Пашынян заявіў, што ніводны прадстаўнік Арменіі “з гэтага моманту” не паедзе ў Беларусь. Кіраўнік армянскага ўрада сказаў пра гэта ў кантэксце заяў Лукашэнкі на сустрэчы з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым у сярэдзіне траўня аб карабахскім канфлікце.

“Адзін з кіраўнікоў краін АДКБ заяўляе, што ўдзельнічаў у падрыхтоўцы вайны, заахвочваў, верыў і жадаў перамогі Азербайджана. І пасля гэтага я паеду з кіраўніком Беларусі ў фармаце АДКБ нешта абмяркоўваць? Канстатую, што з гэтага часу больш ніколі не паеду ў Беларусь. Пакуль у Беларусі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. І наогул заяўляю, што з гэтага моманту ні адзін афіцыйны прадстаўнік Арменіі не паедзе ў Беларусь. Наогул”, — падкрэсліў Пашынян.

У той жа дзень Армені адклікала свайго амбасадара з Мінска для кансультацый. Тое ж самае праз некалькі гадзін зрабіла Беларусь.

Падзяліцца: