Мінск 17:52

Галоўчанка — прэм’еру Эсваціні: Беларусь ідзе ў Афрыку з мірам, а не з мэтамі каланіялізму і эксплуатацыі

Скрыншот: тэлеграм-канал урада Беларусі

20 чэрвеня, Позірк. Беларусь ідзе ў Афрыку з мірам, а не “як ішлі калісьці каланіялісты з захопніцкімі мэтамі і мэтамі эксплуатацыі”, заявіў 20 чэрвеня прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка на сустрэчы ў Мінску з калегам з Эсваціні Расэлам Дламіні.

Разам з “мірам” Беларусь нясе ў Афрыку “тэхналогіі і веды” і гатовая “навучаць людзей, рыхтаваць спецыялістаў”, сказаў беларускі прэм’ер (цытуецца па відэа ў тэлеграм-канале ўрада).

Галоўчанка на сустрэчы назваў Беларусь “надзейным і правераным партнёрам для многіх афрыканскіх дзяржаў”, а таксама выказаў надзею, што візіт Дламіні “паставіць і Каралеўства Эсваціні ў гэты ж шэраг”.

“Я ўпэўнены, што сённяшняя сустрэча пакладзе добры пачатак працягламу і прадуктыўнаму супрацоўніцтву паміж Каралеўствам Эсваціні і Рэспублікай Беларусь. Ужо доўгія гады Беларусь выбудоўвае дружалюбныя адносіны з краінамі афрыканскага кантынента, грунтуючыся на ўзаемнай павазе, дружбе і адкрытасці”, — адзначыў Галоўчанка.

Паводле яго слоў, беларускія “ўрадавыя і парламенцкія дэлегацыі” і Аляксандр Лукашэнка ў апошнія гады “асабліва часта наведваюць афрыканскі кантынент з візітамі”.

Дламіні прыбыў у Мінск 20 чэрвеня. 4 чэрвеня ў Прэторыі (ПАР) падпісана камюніке аб устанаўленні дыпламатычных адносін паміж каралеўствам і Беларуссю.

Валавы ўнутраны прадукт Эсваціні на душу насельніцтва ў 2023 годзе быў амаль удвая меншы, чым у Беларусі — 3.995 долараў супраць 7.427. На сельскую, лясную гаспадарку і горназдабыўную прамысловасць прыпадае 13% ВУП гэтай афрыканскай дзяржавы, на апрацоўчую прамысловасць (тэкстыль і перапрацоўка цукру) — 37% ВУП, на паслугі — 50% ВУП.

Паводле даных на сайце МЗС, Беларусь устанавіла дыпламатычныя адносіны з 51 з 54 афрыканскіх краін. Беларускія пасольствы “паспяхова працуюць” як у “традыцыйных”, так і “перспектыўных” афрыканскіх краінах-партнёрах.

У чэрвені 2023 года акадэмічны дырэктар Даследчага цэнтра BEROC, доктар эканамічных навук Леў Львоўскі заявіў у інтэрв’ю “Позірку”, што спробы беларускай улады знайсці гандлёвых партнёраў у краінах “далёкай дугі” марныя і носяць фактычна “фармальны характар”.

Падзяліцца: