Мінск 22:41

Вызначаны склад групы экспертаў СПЧ ААН па правах чалавека ў Беларусі

Савет ААН па правах чалавека
Крыніца: ohchr.org

21 чэрвеня, Позірк. Вызначаны склад групы незалежных экспертаў па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, заявіў 21 чэрвеня старшыня Савета ААН па правах чалавека (СПЧ) Амар Знібер (Марока).

У яе ўвайшлі дырэктар Міжнароднага праекта па правах жанчын Сьюзан Базілі (Канада), загадчыца кафедры крыміналогіі юрыдычнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта Моніка Станіслава Платэк (Польшча) і юрыст-праваабаронца Карына Маскаленка (Расія). Апошняя прызначана кіраўніцай групы.

Рашэнне стварыць гэтую групу было прынятае 4 красавіка на пасяджэнні 55-й сесіі СПЧ ААН у Жэневе. Яна ўпаўнаважана праводзіць расследаванні і высвятляць факты, абставіны і карэнныя прычыны ўсіх меркаваных парушэнняў і ўшчамленняў правоў чалавека і парушэнняў, здзейсненых у Беларусі з 1 траўня 2020 года.

Група зоймецца “зборам, абагульненнем, забеспячэннем захаванасці і аналізам доказаў такіх парушэнняў і ўшчамленняў”, па магчымасці будзе “выяўляць вінаватых з мэтай правядзення адпаведных судовых і іншых разбіральніцтваў, уключаючы крымінальны пераслед у судах і трыбуналах, якія маюць адпаведную юрысдыкцыю” , у прыватнасці ў дачыненні да мер па прыцягненні да адказнасці”, каб “пакласці канец беспакаранасці”.

Экспертная група ў сваёй працы “будзе грунтавацца на высновах і адсочваць сітуацыю з парушэннямі правоў чалавека, згаданымі ў справаздачах спецдакладчыка па Беларусі і вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека”, якія падрыхтаваныя з удзелам экспертаў, прызначаных у адпаведнасці з рэзалюцыяй СПЧ ад 21 сакавіка 2021 года.

Асобы, якія ўвайшлі ў групу, раней выступалі экспертамі Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека па вывучэнні сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, іх мандат завяршыўся ў красавіку 2024 года.

Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка ў каментарыі “Позірку” адзначыў, што згаданыя эксперты “маюць высокую кваліфікацыю, досвед працы з Беларуссю”, выказаў упэўненасць, што іх праца будзе “важнай і прыкметнай”.

Паводле яго слоў, група “дапаможа зафіксаваць злачынствы рэжыму, сабраць доказы, каб у рэшце прыцягнуць усіх вінаватых да адказнасці”.

“Тое, што па Беларусі працуе два мандаты ў ААН — спецдакладчык і экспертная група, сведчыць пра тое, што ААН надае важнае месца працы з Беларуссю. Гэта стала вынікам працы ў тым ліку беларускіх праваабаронцаў і дэмакратычных сіл”, — заявіў Вячорка.

2 ліпеня на 56-й сесіі СПЧ ААН будзе прадстаўлены чарговы даклад пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, з якім выступіць спецдакладчык Анаіс Марэн (Францыя).

Падзяліцца: