Мінск 00:36

ЕАБР: Больш за 40% прыросту ВУП Беларусі забяспечыла прамысловасць

Ілюстратыўнае фота: "Гомсельмаш"

24 чэрвеня, Позірк. Паводле папярэдняй ацэнкі, прамысловасць забяспечыла больш як 40% прыросту ВУП Беларусі, гаворыцца ў штотыднёвым макрааглядзе Еўразійскага банка развіцця.

Удакладняецца, што за студзень — травень прамвытворчасць вырасла на 8% да аналагічнага леташняга перыяду пасля 7,7% у студзені — красавіку.

“За аналагічны пэрыяд рост у сельскай гаспадарцы паскорыўся да 8,1% г/г, пасля 6,9% г/г. Інвестыцыі павялічыліся на 9,6% г/г, пераважна за кошт укладанняў у абсталяванне (20,2% г/г), што абумоўлена ўвядзеннем ільготы па імпарце з сакавіка бягучага года”, — гаворыцца ў рэлізе.

Спажывецкая актыўнасць “захоўваецца на высокім узроўні: рознічны тавараабарот павялічыўся на 12,2% г/г ва ўмовах устойлівага росту даходаў і пашырэння крэдытавання”.

Як паведамлялася, за пяць месяцаў 2024 ВУП вырас на 5,2%. Згодна з афіцыйным прагнозам, яго прырост па выніках года павінен скласці не менш як 3,8%.

ЕАБР прагназуе рост да 3, 4% на 2024 год. Першапачатковы прагноз — 2%.

Міжнародны валютны фонд чакае рост беларускай эканомікі на ўзроўні 2,4%, Сусветны банк — 1,2%, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця — 2,8%, даследчы цэнтр BEROC — 2,1%.

У 2023 годзе ВУП вырас на 3,9%, у 2022-м — знізіўся на 4,7%, у 2021-м эканоміка вырасла на 2,3%, у 2020-м — скарацілася на 0,9%.

Падзяліцца: