Мінск 04:08

Прызнанне праекта Media IQ “экстрэмісцкім фарміраваннем” не паўплывае на яго працу — галоўрэд

26 чэрвеня, Позірк. Рашэнне Камітэта дзяржбяспекі аб прызнанні Media IQ “экстрэмісцкім фарміраваннем” не паўплывае на яго дзейнасць, заявіла ў каментары “Позiрку” галоўны рэдактар ​​праекта Надзея Белахвосцік.

“Мы цалкам дакладна прадстаўляем сваю місію, таму працягваем працаваць. Так, мяркуючы па ўсім, будзе менш чытачоў у Беларусі, але такая сёння рэальнасць”, — адзначыла яна.

Паводле слоў Белахвосцік, логіку КДБ зразумець цяжка: “За што нас прызналі “экстрэмісцкім фарірамаваннем”? Мусіць, таму што мы добра працуем, ускладняем жыццё рэжыму. Мы заўсёды прафесійна робім сваю працу, таму назваць нешта адно, што паслужыла нагодай, нельга”.

“Вельмі кароткім” яна назвала шлях Media IQ ад “экстрэмісцкіх матэрыялаў” (суд прызнаў кантэнт такімі 13 чэрвеня) да “экстрэмісцкага фарміравання” (18 чэрвеня). “У рэжыма, відаць, нейкія свае рытуалы. Нават не хочацца напружваць мазгі, каб знайсці тут нейкую логіку”, — сказала Белахвосцік.

Уключаныя КДБ у склад фармавання і людзі, якія фігуруюць у спісе, “так ці інакш былі звязаныя з праектам: хтосьці працаваў, хтосьці быў героем публікацый яшчэ ў 2018 годзе”, удакладніла яна.

Гаворачы аб будучай рабоце, Белахвосцік падкрэсліла, што “каманда не разбягаецца”.

“Мы лічым, што выконваем важную працу: адсочваем працэсы ў інфармацыйнай прасторы, як узаемазлучаныя інфармацыйныя ўкіды з тым, што адбываецца ў рэальным жыцці, як вядзецца праца па мілітарызацыі свядомасці беларусаў, як працягвае распаўсюджвацца мова варожасці, як беларуская прапаганда амаль цалкам сінхранізуецца з расійскай”, — распавяла галоўны рэдактар.

Інфармацыя аб рашэнні КДБ была апублікавана 25 чэрвеня ў абноўленым пераліку на сайце МУС. У склад “экстрэмісцкага фарміравання” ўключаныя Белахвосцік, Аляксей Худанаў, Дар’я Глухава, Павел Быкоўскі, Алена Верашчагіна, Антон Сайфулаеў, Паліна Пяткевіч, Аляксей Шунтаў, Ала Шарко, Віктар Малішэўскі. Частка з гэтых людзей на сёння не маюць дачынення да праекту.

Media IQ — праект “Прэс-клуба Беларусь”, які працуе ў выгнанні, аб “развіцці крытычнага мыслення ў лічбавую эпоху ў свеце fake news”.

Праект з 2018 года праводзіць маніторынг СМІ, арганізуе школу медыяграматнасці для старшакласнікаў.

У спісе “экстрэмісцкіх фарміраванняў” на 25 чэрвеня 222 пазіцыі.

Падзяліцца: