Падчас святкавання Купалля ў Вільнюсе Ціханоўская адзначыла “адчуванне дома”
![](https://pozirk.online/wp-content/uploads/2024/06/kupalle_tsikhanouskaia_TG.jpg)
30 чэрвеня, Позірк. “Цеплыню і адчуванне дома” адзначыла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская па выніках святкавання Купалля ў Вільнюсе.
“Дзякуй беларусам і беларускам Вільнюса за сумеснае святкаванне Купалля <…>, — напісала 30 чэрвеня палітык у сваім тэлеграм-канале. — Быццам у дзяцінстве ў бабулі ў вёсцы спачатку трапётка рыхтуешся да свята, а потым пляцеш вянкі, шукаеш папараць-кветку. Дзякуй арганізатарам, што, нават знаходзячыся ў іншай краіне, ёсць магчымасць дакрануцца і паўдзельнічаць у беларускіх традыцыях”.
Адзначаецца, што падчас святкавання “ўдзельнікі плялі вянкі і сплаўлялі іх па рацэ, спявалі беларускія народныя песні, танцавалі і шукалі папараць-кветку”.
![](https://pozirk.online/wp-content/uploads/2024/06/kupalle_tsikhanouskaia_TG-1.jpg)
“Раніцай я прачытала, у колькіх краінах свету беларусы адзначылі і плануюць адзначыць Купалле. Радуюся, калі бачу, як мы захоўваем сваю культуру і гісторыю, дзе б не знаходзіліся”, — адзначыла Ціханоўская.
Купалле (Іван Купала) — народнае свята ўсходніх славян, звязанае з летнім сонцастаяннем і “найвышэйшым росквітам прыроды”. Святкуецца ў ноч на 7 ліпеня.
Беларусы, якія пражываюць за мяжой, сёлета пачалі святкаваць Купалле ў канцы чэрвеня.