Мінск 15:16

Рыжанкоў і Лаўроў абмеркавалі двухбаковыя адносіны і “міжнародныя праблемы”

Крыніца: МЗС РФ

1 ліпеня, Позірк. “Інтэнсіўны графік беларуска-расійскіх кантактаў на вышэйшым і высокім узроўнях” абмеркавалі падчас тэлефоннай размовы міністры замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў і Расіі Сяргей Лаўроў, паведамляе неафіцыйны тэлеграм-канал МЗС Беларусі.

“Абмяняліся меркаваннямі па бягучых пытаннях двухбаковага супрацоўніцтва, саюзнай інтэграцыі і актуальных міжнародных праблемах. Асаблівая ўвага падчас размовы ўдзелена ўзаемадзеянню Беларусі і Расіі з рознымі міжнароднымі арганізацыямі”, — гаворыцца ў рэлізе.

Як паведаміла прэс-служба МЗС РФ, бакі “дамовіліся працягваць цеснае ўзаемадзеянне на шматбаковых пляцоўках”.

Лаўроў павіншаваў Рыжанкова з “прызначэннем на пасаду міністра замежных спраў брацкай краіны”.

У выкладзе МЗС Беларусі ён пажадаў “поспехаў на новай адказнай пасадзе”.

Былы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта 52-гадовы Максім Рыжанкоў прызначаны на пасаду міністра замежных спраў 27 чэрвеня.

Падзяліцца: