Мінск 14:34

Лукашэнка лічыць, што “лішку электраэнергіі не будзе ніколі” — нават з другой АЭС

Крыніца: pixabay.com

2 ліпеня, Позірк. Электрычная энергія “ніколі не перашкодзіць, лішак яе ў краіне не будзе ніколі”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 2 ліпеня на сустрэчы з кіраўніком сваёй адміністрацыі Дзмітрыем Крутым і паслом Беларусі ў РФ Аляксандрам Рагожнікам, разважаючы аб будаўніцтве другой атамнай станцыі.

Паводле яго слоў, якія прыводзіць прэс-служба, электрычнасць неабходная не толькі для прамысловасці ці бытавых патрэб: “Мы будуем дамы на электрычным абаграванні. І электрамабілі, за якія мы сур’ёзна ўзяліся. У нас не проста напрацоўкі, вытворчасць добрая — асабліва аўтобусаў, тралейбусаў. Усюды патрэбна электрычнасць. Таму трэба глядзець наперад”.

Як зазначае прэс-служба, перспектыўнымі напрамкамі беларуска-расійскага супрацоўніцтва акрамя атамнай энергетыкі былі названы авіябудаванне і даследаванне космасу.

30 красавіка падчас наведвання Касцюковіцкага раёна (Магілёўская вобласць) Лукашэнка прызнаўся, што ім “паступова авалодвае думка аб магчымасці будаўніцтва яшчэ адной станцыі” ў Беларусі, “але над гэтым пытаннем яшчэ думаюць, рашэнне пакуль не прынята”.

“Другая пляцоўка (раней як альтэрнатыва Астравецкай, дзе пабудавана БелАЭС, была вызначана Краснапалянская пляцоўка) знаходзіцца на ўсход ад Магілёва. Я сёння думаю: калі будзем будаваць другую АЭС, мы дзе гэтыя рэактары размесцім?” — падзяліўся разважаннямі Лукашэнкі.

Збудаваць два дадатковыя энергаблокі на БелАЭС, паводле яго слоў, было б танней. Але з улікам ужо наяўнай атамнай станцыі на захадзе краіны Лукашэнка “схіляецца” да таго, што “павінна яна быць і на ўсходзе”.

Цягам апошніх гадоў Лукашэнка неаднаразова заяўляў аб магчымасці будаўніцтва другой атамнай станцыі.

Збудаванне Беларускай АЭС пад Астраўцом (Гродзенская вобласць) завяршылася восенню 2023 года. Першы энергаблок станцыі сілкуе энергасістэму краіны з 3 лістапада 2020 года, другі — з 13 траўня 2023-га. У прамысловую эксплуатацыю яны ўведзены ў чэрвені 2021-га і лістападзе 2023-га адпаведна.

Аб’ект пабудаваны паводле праекта дзяржкарпарацыі “Расатам” і пераважна за кошт расійскага крэдыту (раней заяўлялася, што на станцыю выдаткавана 5,36 млрд долараў). Сёлета 1 красавіка Мінск мусіў пачаць пагашаць гэты крэдыт, але невядома, ці было гэта зроблена.

Падзяліцца: